Біблія » Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

2 Цароў 1 2-я Цароў 1 раздзел

1 Па смерці ж Ахаба ўзбунтаваўся Мааб супраць Ізраэля.
2 А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакоя свайго, што ў Самарыі, і захварэў, і паслаў ён пасланцоў, загадваючы ім: «Ідзіце, спытайце Бэльзэбула, бога Акарона, ці ачуняю я з гэтай хваробы сваёй?»
3 Але анёл Госпадаў сказаў Іллі з Тэсбы: «Устань і выйдзі насустрач пасланцам цара Самарыі і скажы ім: “Ці ж няма Бога ў Ізраэлі, што вы ідзяце пытацца ў Бэльзэбула, бога Акарона?”
4 Таму вось што кажа Госпад: “З ложка, на які ты лёг, не падымешся, але напэўна памрэш”». І Ілля пайшоў.
5 Тады вярнуліся пасланцы да Ахазіі, і ён спытаў іх: «Чаму вы вярнуліся?»
6 А яны адказалі яму: «Нейкі чалавек сустрэў нас і сказаў нам: “Ідзіце і вярніцеся да цара, які паслаў вас, і скажыце яму: “Гэта кажа Госпад: “Ці няма Бога ў Ізраэлі, што ты пасылаеш раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона? Таму з ложка, на які ты лёг, не падымешся, але, напэўна, памрэш”».
7 Ён сказаў ім: «Як выглядаў і як быў апрануты той чалавек, які выйшаў вам насустрач і сказаў гэтыя словы?»
8 А яны адказалі: «Гэты чалавек быў у плашчы са скураў і быў падперазаны дзяжкай скураной вакол сцёгнаў». Ён крыкнуў: «Гэта Ілля з Тэсбы».
9 І паслаў Ахазія па яго кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю; і прыйшоў ён да Іллі, калі той быў на вяршыні гары, і сказаў яму: «Чалавеча Божы! Цар загадаў, каб ты сышоў з гары!»
10 І ў адказ Ілля сказаў кіраўніку пяцідзесяці: «Калі я чалавек Божы, хай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе разам з тваімі пяццюдзесяццю!» І сышоў агонь з неба, і спаліў яго разам з яго пяццюдзесяццю.
11 Тады цар паўторна паслаў па яго іншага кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю. І ён сказаў яму: «Чалавеча Божы, вось што кажа цар: “Хутка сыдзі з гары!”»
12 У адказ Ілля сказаў ім: «Калі я чалавек Божы, няхай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзесят чалавек тваіх». І сышоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзесят чалавек яго.
13 Зноў паслаў цар трэцяга кіраўніка пяцідзесяці і пяцьдзесят чалавек з ім. Калі ён прыйшоў, упаў на калені перад Іллёй і прасіў яго і сказаў: «Чалавеча Божы, хай жыццё маё і жыццё гэтых паслугачоў тваіх, якія разам са мною, будзе каштоўным у вачах тваіх!
14 Вось, агонь сышоў з неба і спаліў абодвух папярэдніх кіраўнікоў пяцідзесяці разам з папярэднімі пяццюдзесяццю, якія з імі былі; але цяпер прашу, каб злітаваўся ты над душою маёю».
15 Тады анёл Госпадаў сказаў Іллі: «Сыдзі разам з ім, не бойся яго». Дык Ілля ўстаў і пайшоў разам з ім да цара,
16 і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты паслаў пасланцоў раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона, як быццам не было Бога ў Ізраэлі, ад Якога ты мог бы даведацца слова Яго, з ложка, на якім ляжыш, не падымешся, але напэўна памрэш”».
17 І памёр цар па слове Госпада, якое сказаў Ілля. І на яго месцы стаў цараваць Ярам, брат яго, у другім годзе Ярама, сына Язафата, цара Юдэі, бо Ахазія не меў сына.
18 А дзеянні Ахазіі, якія ён зрабіў, — ці не запісаны яны ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Цароў, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.