Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Марка, 4 Паводле Марка, 4 глава

1 І зноў пачаў навучаць каля мора. І вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе кругом мора.
2 І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы:
3 «Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу.
4 І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.
5 Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая;
6 і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла.
7 А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода.
8 Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзесят, трэцяе сто».
9 І казаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
10 І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцей.
11 І казаў Ён ім: «Вам дадзена таямніца Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях,
12 хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць адпушчэння грахоў».
13 І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?
14 Сейбіт — хто слова сее.
15 А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў іх слова.
16 А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,
17 але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт і пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.
18 А тыя, што ў цернях пасеяны, тыя слухаюць слова,
19 але клопаты веку і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.
20 А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін — трыццаць, другі — шэсцьдзесят, а трэці — сто».
21 І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку?
22 Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым.
23 Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».
24 Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам [, якія слухаеце].
25 Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго».
26 І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.
27 І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.
28 Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.
29 І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».
30 І казаў: «Да чаго падобна Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта?
31 Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі;
32 а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені».
33 І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, на колькі маглі яны зразумець,
34 ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням асобна выясняў усё.
35 Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім Ісус: «Пераплывём на другі бераг».
36 Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.
37 І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.
38 А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?»
39 І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.
40 Адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, не маеце яшчэ веры?»
41 А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 4 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.