Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Лукі, 22 Паводле Лукі, 22 глава

1 Набліжаўся ж дзень свята праснакоў, які называецца Пасхай.
2 І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы забіць Яго, але баяліся людзей.
3 Шатан жа ўвайшоў у Юду, якога празывалі Іскарыётам, аднаго з дванаццаці;
4 і ён выйшаў і дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі, як выдаць ім Ісуса.
5 Яны ж узрадаваліся і вырашылі даць яму грошы.
6 І паабяцаў ён ім, ды шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім не пры людзях.
7 І надышоў дзень праснакоў, у які належала ахвяраваць Пасху.
8 І паслаў Ісус Пётру і Яна, кажучы: «Ідзіце і прыгатуйце нам Пасху, каб мы з’елі».
9 А яны сказалі Яму: «Дзе хочаш, каб прыгатавалі?»
10 І Ён сказаў ім: «Вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад, сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збан вады; ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
11 Ды скажыце гаспадару дома: “Вучыцель кажа табе: “Дзе прыстанак, дзе Я з вучнямі Маімі мог бы з’есці Пасху?”
12 Ён вам пакажа вялікую святліцу засланую, там прыгатуйце».
13 Пайшоўшы, знайшлі ўсё, як Ён сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.
14 А калі надышла гадзіна, узлёг пры стале, і апосталы з Ім.
15 І гаворыць ім: «Жаданнем вялікім жадаў Я з’есці гэтую Пасху з вамі перш, чым буду цярпець.
16 Бо кажу вам: не буду яе есці, пакуль не споўніцца ў Валадарстве Божым».
17 І, узяўшы келіх, склаў падзяку і сказаў: «Бярыце яго і падзяліце між сабой.
18 Бо кажу вам: адсюль не буду піць з плода вінаграду, пакуль не прыйдзе Валадарства Божае».
19 І, узяўшы хлеб, склаў падзяку, і паламаў, і даў ім, кажучы: «Гэта Цела Маё, каторае за вас даецца. Гэта рабіце ў Маю памяць».
20 Падобна і келіх [узяў] па вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць Новы Запавет у Крыві Маёй, якая за вас праліваецца.
21 Аднак вось рука таго, хто выдае Мяне, разам з Маёю на стале.
22 Сын Чалавечы, праўда, адыходзіць паводле таго, як вызначана; аднак гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца».
23 І яны пачалі пытацца адзін аднаго, хто з іх той, які збіраецца гэта ўчыніць.
24 І сталася спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
25 Але Ён сказаў ім: «Цары народаў валадараць над імі, і тыя, хто над імі маюць уладу, завуцца дабрадзеямі.
26 Але вы не так: і хто ў вас большы, хай будзе як меншы, і правадыр — як паслугач.
27 Бо хто большы: ці той, хто ўзлягае, ці той, хто паслугуе? Ці не той, хто сядзіць пры стале? Я аднак пасярод вас як той, што паслугуе.
28 Вы ж ёсць тыя, што вытрывалі пры Мне ў выпрабаваннях Маіх.
29 Я вам пераказваю Валадарства, як Мне пераказаў Айцец Мой,
30 каб вы елі і пілі пры стале Маім у Валадарстве Маім, і сядзелі на пасадах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля».
31 [І сказаў Госпад:] «Сімоне, Сімоне! Вось шатан дабіваўся вас, каб пасеяць, як пшаніцу;
32 але Я маліўся за цябе, каб не заняпала вера твая. І ты, з часам навярнуўшыся, умацоўвай братоў тваіх».
33 Той жа сказаў Яму: «Госпадзе, я гатовы з Табой ісці ў вязніцу і на смерць».
34 Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётра, не запяе певень сёння, як тройчы зрачэшся, што ведаеш Мяне».
35 І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без капшука і без торбы і пасталоў, ці ж вам не хапала чаго?» І яны сказалі: «Анічога».
36 Сказаў ім тады: «А цяпер хто мае капшук, хай возьме, таксама і торбу, а хто не мае, хай прадасць туніку сваю і купіць меч.
37 Бо кажу вам: мусіць споўніцца на Мне тое, што напісана: “І ў злачынцы быў залічаны”. Бо тое, што адносіцца да Мяне, спаўняецца».
38 А яны сказалі: «Госпадзе, вось тут два мечы». І Ён сказаў ім: «Хопіць».
39 І, выйшаўшы, Ісус па звычаю накіраваўся на гару Аліўную, а за Ім пайшлі і вучні.
40 І, калі прыбыў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
41 І Сам аддаліўся, адышоўшы ад іх, як кінуць камень, ды, упаўшы на калені, маліўся,
42 кажучы: «Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца».
43 І з’явіўся Яму анёл з неба, умацоўваючы Яго. А Ён, будучы ў агоніі, тым даўжэй маліўся.
44 І стаўся пот Яго, як кроплі крыві, што сцякае на зямлю.
45 І, калі падняўся ад малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны спяць ад смутку.
46 І гаворыць ім: «Чаму спіце? Падымайцеся і маліцеся, каб не ўвайшлі ў спакушэнне».
47 Калі яшчэ Ён гэта гаварыў, вось, натоўп, і наперадзе яго адзін з дванаццаці, які называўся Юда, і ён наблізіўся да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
48 А Ісус сказаў яму: «Юда, пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?»
49 А тыя, што вакол Яго былі, бачачы, што мае адбыцца, сказалі: «Госпадзе, ці не ўдарыць нам мечам?»
50 Ды адзін з іх ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму правае вуха.
51 А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Спыніцеся, хопіць!» і, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
52 Затым сказаў Ісус тым, што прыйшлі па Яго, першасвятарам, і кіраўнікам святыні, і старэйшынам: «Як на разбойніка выйшлі вы з мечамі і кіямі?
53 Калі штодзень знаходзіўся Я з вамі ў святыні, не паднялі вы на Мяне рук; але цяпер ваш час і ўлада цемры».
54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара. Пётра ж ішоў за імі здалёк.
55 А калі распалілі вогнішча пасярод двара і заселі вакол агню, сядзеў між імі і Пётра.
56 І, калі ўбачыла нейкая служка, што ён сядзіць пры святле, і ўгледзелася ў яго, сказала:
57 «І гэты быў з Ім». А ён зрокся Яго, кажучы:
58 «Жанчына, я не ведаю Яго!» А праз кароткі час, убачыўшы яго, нехта іншы сказаў: «І ты з іх». Пётра ж гаворыць: «О чалавеча, гэта не я».
59 А калі прайшло каля гадзіны часу, нехта іншы настойваў, кажучы: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо і ён галілеец».
60 І гаворыць Пётра: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш». І зараз, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
61 І Госпад, павярнуўшыся, глянуў на Пётру; і Пётра ўспомніў словы Госпада, як яму прадказаў: «Перш, чым сёння запяе певень, тройчы зрачэшся Мяне».
62 І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
63 А мужы, якія трымалі Яго, здзекаваліся з Яго і білі Яго,
64 і закрылі Яму твар, і пыталіся ў Яго, кажучы: «Праракуй, хто ўдарыў Цябе?»
65 Ды многа іншых блюзненняў гаварылі на Яго.
66 А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народа, і першасвятары, і кніжнікі і прывялі Яго на сваю нараду,
67 кажучы: «Калі Ты — Хрыстос, дык скажы нам». А Ён гаворыць ім: «Калі скажу вам, не паверыце Мне,
68 а калі спытаюся, не адкажаце Мне.
69 Але адгэтуль будзе Сын Чалавечы сядзець праваруч Магутнасці».
70 Дык сказалі яны ўсе: «Дык Ты — Сын Божы?» Ён гаворыць ім: «Вы самі кажаце, што гэта Я».
71 Дык яны сказалі: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі? Мы самі чулі з вуснаў Яго».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 22 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.