Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Лукі, 23 Паводле Лукі, 23 глава

1 І, калі ўзнялася ўсё мноства іх, павялі Яго да Пілата.
2 І пачалі Яго вінаваціць, кажучы: «Мы выявілі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Царом».
3 Дык спытаўся ў Яго Пілат, кажучы: «Ты — Цар Юдэйскі?» А Ісус, адказваючы, гаворыць: «Ты кажаш».
4 І гаворыць Пілат першасвятарам і народу: «Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку».
5 Але яны настойвалі, кажучы: «Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж дасюль».
6 А Пілат, чуючы гэта, спытаўся, ці гэты чалавек галілеец,
7 і, калі даведаўся, што Ён з-пад улады Ірада, адаслаў Яго да Ірада, які сам быў тымі днямі ў Ерузаліме.
8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся: бо ад даўняга часу прагнуў убачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць, што Ім будзе зроблены які-небудзь знак.
9 І задаваў Яму многа пытанняў, але Ён яму нічога не адказаў.
10 А першасвятары і кніжнікі ўвесь час стаялі там, вінавацячы Яго.
11 Тады Ірад выказаў Яму пагарду разам з войскам сваім і пасмяяўся, апрануўшы Яго ў белыя шаты, і адправіў да Пілата.
12 І сталіся ў той дзень Ірад і Пілат сябрамі, бо перад тым варагавалі між сабой.
13 А Пілат, пазваўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,
14 сказаў ім: «Вы выдалі мне гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось, я, распытваючы ў вашай прысутнасці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны ў тым, у чым вы вінаваціце Яго;
15 таксама і Ірад, бо адаслаў Яго да нас. І вось, не даведзена Яму нічога, вартага смерці.
16 Таму, пакараўшы, я адпушчу Яго».
17 [А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго з вязняў.]
18 Дык увесь натоўп закрычаў: «Забі Яго, а адпусці нам Барабу»,
19 а той быў кінуты ў вязніцу за паўстанне ў горадзе і забойства.
20 Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы адпусціць Ісуса,
21 але яны крычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
22 Ён трэці раз сказаў ім: «Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога, вартага смерці; дык пакараю Яго і адпушчу».
23 Ды яны настойвалі, патрабуючы з крыкам, каб быў укрыжаваны, і ўзрастаў гармідар іх.
24 Тады Пілат прысудзіў выканаць іх просьбу:
25 адпусціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў кінуты ў вязніцу, якога дамагаліся, а Ісуса выдаў на іх волю.
26 І, калі вялі Яго, спынілі нейкага Сімона з Цырэны, які ішоў з вёскі, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс яго за Ісусам.
27 Ішоў за Ім вялікі натоўп людзей і жанчыны, якія плакалі і галасілі.
28 Ісус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: «Дочкі ерузалімскія, не плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе саміх плачце ды дзеля сыноў вашых,
29 бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: “Шчасныя няплодныя і ўлонні, што не нарадзілі, ды грудзі, якія не кармілі малаком”.
30 Тады стануць казаць гарам: “Валіцеся на нас”, і ўзгоркам: “Схавайце нас”,
31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?»
32 Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў, каб забіць іх.
33 І, калі прыйшлі на месца, якое называецца Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.
34 Ісус жа казаў: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць». І сапраўды, дзелячы адзенне Яго, кідалі жэрабя.
35 І народ стаяў, прыглядаючыся. Кпілі з Яго і начальнікі, кажучы: «Іншых ратаваў, хай і Сябе выратуе, калі Ён — Хрыстос, выбраннік Божы».
36 Таксама і жаўнеры здзекаваліся з Яго, падыходзячы і падаючы Яму воцат,
37 і кажучы: «Калі Ты — Цар Юдэйскі, уратуй Сябе!»
38 І быў над Ім надпіс: «Гэта Цар Юдэйскі».
39 А адзін з разбойнікаў, што былі ўкрыжаваны, блюзніў супраць Яго, кажучы: «Няўжо Ты — Хрыстос? Уратуй Самога Сябе і нас!»
40 А другі, адказваючы, сварыўся на яго, кажучы: «Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.
41 І мы ж справядліва, бо атрымліваем вартае ўчыненага! А Ён нічога благога не зрабіў».
42 І казаў Ісусу: «Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Валадарства».
43 І сказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».
44 І было блізу шостай гадзіны, і цемра сталася па ўсёй зямлі аж да дзевятай гадзіны,
45 і сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне.
46 І, усклікаючы моцным голасам, Ісус гаворыць: «Ойча, у рукі Твае перадаю Дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.
47 Сотнік, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Гэты чалавек быў сапраўды Справядлівы».
48 І ўвесь натоўп тых, што сабраліся на гэтае відовішча і бачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А здалёк стаялі ўсе знаёмыя Яго і жанчыны, што ішлі следам за Ім ад Галілеі, гледзячы на гэта.
50 І вось, чалавек, імем Язэп, які быў членам рады, чалавек добры і справядлівы, —
51 ён не згаджаўся з радай і іх учынкамі, — з Арыматэі, горада юдэйскага, які чакаў Валадарства Божага,
52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Ісуса,
53 і, зняўшы, загарнуў у плашчаніцу і паклаў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто не быў пакладзены.
54 І быў гэта дзень прыгатавання, і надыходзіла субота.
55 Падышлі таксама жанчыны, якія прыйшлі з Ім з Галілеі, і ўбачылі магілу і як пакладзена было цела Яго,
56 і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказання.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 23 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.