Левіт 12 глава

Трэцяя кніга Масеява: Левіт
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 

«Кажы сыном Ізраелявым: калі жонка зачнець а народзе мужчынскае плоці, дык яна нячыстая будзе сем дзён; подле дзён, у каторыя яна адлучаецца з прычыны хваробы свае, яна будзе нячыстая.
 

Восьмага ж дня будзе абрэзана ў яго канцавая скурка плоці ягонае.
 

І трыццаць тры дні яна мае сядзець у крыві яе ачышчэньня; ні да чога сьвятога ня мае датыкацца, і да сьвятыні ня мае прыходзіць, пакудь ня споўняцца дні ачышчэньня яе.
 

А калі яна народзе жаноцкае плоці, то яна будзе нячыстая два тыдні, як у часе адлучэньня свайго, і шасьцьдзясят шэсьць дзён мае сядзець на крыві ачышчэньня свайго.
 

І як мінуць дні ачышчэньня яе па сыну альбо па дачцэ, яна мае прынесьці аднагодняга баранчыка на аброк усепаленьня і галубянё альбо турка на аброк за грэх да ўходу будану збору, да сьвятара.
 

Ён абрачэць гэта перад СПАДАРОМ і дастане ласкіўчыненьне, і яна будзе чыстая ад вытаку крыві свае. Гэта права праз тую, што нарадзіла мужчынскае або жаноцкае плоці.
 

А калі яна ня будзе магчы прынесьці баранчыка, дык няхай возьме два туркі альбо двое галубянят, аднаго на ўсепаленьне, а другога на аброк за грэх; і сьвятар адзяржыць ласкіўчыненьне ёй, і яна будзе чыстая».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.