Баруха 1 глава

Кніга Баруха
Пераклад Чарняўскага 2017 → Переклад Огієнка

 
 

І вось словы кнігі, якія напісаў у Бабілоне Барух, сын Нэрыі, сына Маасіі, сына Сэдэцыі, сына Асадэя, сына Хэлькіі,
 

у пятым годзе, у сёмы дзень месяца, у час, калі халдэі заваявалі Ерузалім ды знішчылі яго агнём.
 

І словы гэтае кнігі прачытаў Барух у прысутнасці Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і на віду ўсяго народа, што прыходзіў на гэтае чытанне,
 

і на віду магнатаў, і сыноў царскіх, і на віду старэйшын, у прысутнасці ўсяго народа, ад найменшага да найбольшага, на віду ўсіх жыхароў у Бабілоніі над ракой Суд.
 

І яны плакалі, і посцілі, і маліліся перад Госпадам.
 

І назбіралі срэбра, колькі хто мог даць,
 

і паслалі яго ў Ерузалім да святара Ёакіма, сына Хэльцыі, сына Салома, і да іншых святароў, і да ўсяго народа, хто знаходзіўся з ім у Ерузаліме,
 

калі Барух атрымаў забраныя калісьці з святыні пасудзіны дома Госпадава дзесятага месяца Сіван, каб завезці іх у зямлю Юдэйскую; срэбраныя пасудзіны, якія зрабіў Сэдэцыя, сын Осіі, цар Юдэйскі,
 

пасля таго, як прывёў Набукаданосар, цар Бабілонскі, Ёахіна, і князёў, і ювеліраў, і магнатаў разам з простым народам з Ерузаліма ды завёў іх у Бабілон.
 

І казалі: «Вось, пасылаем вам грошы; купіце за гэтыя грошы, што патрэбна на цэласпаленне, і на ахвяру за грэх, і кадзіла, і зрабіце ахвяру з ежы ды ахвяруйце на ахвярнік Госпада, Бога нашага;
 

і маліцеся аб здароўі Набукаданосара, цара Бабілонскага, і аб здароўі Балтасара, сына яго, каб былі іх дні, як дні неба на зямлі;
 

хай нам дасць Госпад мужнасць і хай асвеціць нашы вочы, каб маглі мы жыць пад аховай Набукаданосара, цара Бабілонскага, і пад апекай Балтасара, сына яго, і каб служылі мы яму многія дні ды знайшлі ласку на віду іх.
 

Маліцеся і за нас да Госпада, Бога нашага, бо зграшылі мы супраць Госпада, Бога нашага, і абурэнне Госпада ды гнеў Яго да цяперашняга дня не адвярнуліся ад нас.
 

І чытайце гэтую кнігу, якую вам перасылаем, каб была чытаная ў доме Госпада ў дзень свята ды ў днях назначаных,
 

і кажыце: “Госпаду, Богу нашаму, належыць справядлівасць, а нам — сорам твару, як у сённяшні дзень, — кожнаму чалавеку юдэйскай зямлі і жыхарам Ерузаліма,
 

і царам нашым, і кіраўнікам нашым, і святарам нашым, і прарокам нашым, і бацькам нашым:
 

бо зграшылі мы перад Госпадам
 

і не паверылі мы Яму, не былі паслухмянымі голасу Госпада, Бога нашага, каб следаваць па прыказаннях, якія Ён нам даў”.
 

Ад часу, калі Госпад вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай, і аж да сённяшняга дня былі мы нявернымі перад Госпадам, Богам нашым, і былі мы абыякавымі ў паслушэнстве голасу Яго,
 

і зваліліся на нас няшчасці і праклён, які ўчыніў Госпад праз Майсея, слугу Свайго, у дзень, калі вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпта, каб даць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам, як гэта ёсць і цяпер.
 

І не былі мы паслухмянымі голасу Госпада, Бога нашага, паводле ўсіх слоў прарокаў, якіх паслаў да нас,
 

і пайшлі мы, кожны па задуме сэрца свайго ліхога, каб служыць багам чужым, ды дапускацца ліхоты на віду Бога нашага».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.