1 Бо вось, у тыя дні і ў тым самым часе, калі вярну з палону народ Юды і Ерузаліму,
2 Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх на Ёзафатавую даліну і тамака ўчыню над імі суд за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, якога яны расьцярушылі паміж народамі, і падзялілі зямлю Маю.
3 І аб народзе Маім яны кідалі лёсы і аддавалі юнака за блудніцу, і прадавалі дзяўчыну за віно, каб было што піць.
4 І што вы Мне, Тыр і Сыдон і ўсе акругі філістынскія? Мо' хочаце вы памставаць на Мяне? ці хочаце адплаціць Мне? лёгка і хутка Я кіну помсту вашую на голавы вашыя,
5 Бо вы ўзялі серабро Маё і золата Маё, і найлепшыя каштоўнасьці Мае занесьлі ў бажніцы вашыя,
6 А сыноў Юды і сыноў Ерузаліму прадавалі сынам Грэкаў, каб загнаць іх далёка ад межаў роднае зямлі іх.
7 Вось, Я ўзбуджу іх із таго месца, куды вы прадалі іх, і абярну помсту вашую на галаву вашую.
8 І аддам сыноў вашых і дачок вашых ў рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Сабэям, народу далёкаму; гэтак сказаў Госпад.
9 Апавясьцеце гэта паміж народамі, падрыхтуйцеся да вайны, пабудзеце адважных; няхай выйдуць, падымуцца ўсе ваяры.
10 Перакуйце лемяшы вашыя на мячы і сярпы вашыя — на копіі; слабы няхай кажа: я дужы!
11 Сьпяшэце і зыходзьцеся, усе народы сумежныя, і зграмадзьцеся; вядзі, Гогпадзе, туды ваяроў Тваіх дужых.
12 Няхай паўстануць народы і зыйдуць на даліну Ёзафатавую; бо тамака Я сяду, каб судзіць усе народы зусюль.
13 Пусьцеце ў рух сярпы, бо жніва дасьпела, ідзеце, спусьцецеся ўніз, бо ціск поўны і пасуды пераліваюцца, бо злосьць іх вялікая.
14 Натоўпы, натоўпы ў даліне вырашэньня! бо блізкі дзень Госпадавы ў даліне суду!
15 Сонца і месяц зацьмяцца і зоркі згубяць бліск свой.
16 І загрыміць Госпад з Сыону і дасьць пачуць голас Свой зь Ерузаліму; задрыжаць неба і зямля; але Госпад будзе абаронаю для народу Свайго і крэпасьцю для сыноў Ізраілевых.
17 Тады пазнацімеце, што Я — Госпад Бог ваш, што жыве на Сыоне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятыняю, і ня будуць ужо чужынцы праходзіць празь яго.
18 І станецца ў той дзень: горы будуць капаць віном і ўзгоркі пацякуць малаком і ўсе патокі Юдэйскія напоўняцца вадою, а з дому Госпада выйдзе крыніца і будзе расіць даліну Шыцім.
19 Эгіпет станецца тады пустыняю і Эдом будзе пустым стэпам — за тое, што яны ўціскалі сыноў Юдавых і пралівалі непавінную кроў на іхнай зямлі.
20 А Юда будзе жыць вечна і Ерузалім — з роду ў род.
21 Я змыю кроў іх, якое ня змыў яшчэ, і Госпад будзе прабываць на Сыоне.