1 Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Госпада і спадчыны Яго.
2 Не атрымаюць яны нічога з уласнасці братоў сваіх: Сам Госпад — уласнасць іх, як Ён гэта сказаў ім.
3 Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, дзве сківіцы і страўнік,
4 пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак.
5 Бо яго выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Госпада, — сам ён і сыны яго, навечна.
6 Калі пакіне левіт адзін з гарадоў усяго Ізраэля, у якім жыве ён як прыхадзень, і захоча пайсці, жадаючы таго месца, якое выбраў Госпад,
7 хай служыць ён у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, якія будуць стаяць там перад Госпадам,
8 хай атрымлівае ён такую ж частку ўтрымання, як і іншыя, за выключэннем таго, што належыць яму ад бацькоўскай спадчыны.
9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, сцеражыся, каб не захацеў ты наследаваць брыдот гэтых народаў.
10 Хай не знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, імкнуўся зведаць лёс або варажыў па дыме ці па прыкметах, хай не будзе чараўніка,
11 ані чарадзея, ані таго, хто верыць у прароцтвы ці цудоўныя знакі, ані таго, хто шукае праўды ў памерлых,
12 бо брыдзіцца Госпад усім гэтым, і за злачынствы такога кшталту Ён выганіць іх у час прыходу твайго.
13 Будзь дасканалы і беззаганны перад Госпадам, Богам тваім.
14 Тыя вось народы, зямлёю якіх ты будзеш валодаць, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў; ты ж іначай навучаны Госпадам, Богам тваім.
15 Прарока, як мяне, уздыме табе з народа твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой, Яго слухайце.
16 Як прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сходу, калі казаў ты: “Не буду болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
17 І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі.
18 Я пастаўлю ім паміж братоў іх Прарока, падобнага табе, ды ўкладу словы Мае ў Яго вусны, і Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
19 Хто ж слоў Маіх, якія будзе прамаўляць Ён у імя Маё, не захоча слухаць, Я пакараю таго.
20 А прарок, разбэшчаны пыхаю, які захоча гаварыць у імя Маё тое, чаго Я не загадаў, каб ён гаварыў, або ў імя чужых багоў, будзе забіты.
21 А калі ты падумаеш у маўклівым разважанні: “Як я магу пазнаць слова, якога Госпад не гаварыў?”, —
22 гэтакі будзеш мець знак: калі прарок той прадказаў штосьці ў імя Госпада і гэта не споўнілася, значыцца, Госпад гэтага не казаў, але праз пыхлівасць душы сваёй гэта сам прарок прыдумаў, таму не бойся яго.