Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 18 Паўтор Закону 18 раздзел

1 Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Госпада і спадчыны Яго.
2 Не атрымаюць яны нічога з уласнасці братоў сваіх: Сам Госпад — уласнасць іх, як Ён гэта сказаў ім.
3 Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, сківіцы і страўнік,
4 пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак.
5 Бо яго выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Госпада, — сам ён і сыны яго, навечна.
6 Калі пакіне левіт адзін з гарадоў усяго Ізраэля, у якім жыве ён як прыхадзень, і захоча пайсці, жадаючы таго месца, якое выбраў Госпад,
7 хай служыць ён у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, якія будуць стаяць там перад Госпадам,
8 хай атрымлівае ён такую ж частку ўтрымання, як і іншыя, за выключэннем таго, што належыць яму ад бацькоўскай спадчыны.
9 Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, сцеражыся, каб не навучыўся брыдотам гэтых народаў.
10 Хай не знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, імкнуўся зведаць лёс або варажыў па рэчах ці па аблоках, хай не будзе чараўніка,
11 ані заклінальніка, ані выклікаючага духаў, ані чарадзея, ані таго, хто запытвае ў памерлых,
12 бо брыдзіцца Госпад усім гэтым, і за злачынствы такога кшталту Ён выганіць іх у час прыходу твайго.
13 Будзь дасканалы і беззаганны перад Госпадам, Богам тваім.
14 Тыя вось народы, зямлёю якіх ты будзеш валодаць, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў; ты ж іначай навучаны Госпадам, Богам тваім.
15 Прарока, як мяне, уздыме табе з народа твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой, Яго слухайце.
16 Як прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сходу, калі казаў ты: “Не буду болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
17 І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі.
18 Я пастаўлю ім паміж братоў іх Прарока, падобнага табе, ды ўкладу словы Мае ў Яго вусны, і Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
19 Хто ж слоў Маіх, якія будзе прамаўляць Ён у імя Маё, не захоча слухаць, Я пакараю таго.
20 А прарок, разбэшчаны пыхаю, які захоча гаварыць у імя Маё тое, чаго Я не загадаў, каб ён гаварыў, або ў імя чужых багоў, будзе забіты.
21 А калі ты падумаеш у маўклівым разважанні: “Як я магу пазнаць слова, якога Госпад не гаварыў?”, —
22 гэтакі будзеш мець знак: калі прарок той прадказаў штосьці ў імя Госпада і гэта не споўнілася, значыцца, Госпад гэтага не казаў, але прарок казаў гэта праз пыхлівасць душы сваёй, таму не бойся яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.