Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 29 Паўтор Закону 29 раздзел

1 Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе.
2 І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго,
3 тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя,
4 ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.
5 І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.
6 Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш.
7 І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
8 І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.
9 Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.
10 Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,
11 дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю,
12 каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,
13 каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
14 Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,
15 але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма.
16 Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.
17 Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.
18 Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.
19 Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую.
20 Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба,
21 і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.
22 Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць:
23 “Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”.
24 Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”
25 І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай,
26 і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны,
27 таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны.
28 І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”».
29 Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 29 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.