Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 30 Паўтор Закону 30 раздзел

1 «Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой,
2 і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
3 тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў.
4 Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой,
5 і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
6 Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць.
7 А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць.
8 Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння;
9 і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
10 калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
11 Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі.
12 Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?”
13 І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
14 Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
15 Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце.
16 Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць.
17 А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць,
18 то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць.
19 За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
20 і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 30 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.