Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 25 Паўтор Закону 25 раздзел

1 Калі ўзнікне звадка паміж людзьмі, то хай суддзі вырашаць, і каго прызнаюць сумленным, таго хай апраўдаюць, каго ж несумленным, хай пакараюць за злачынства.
2 Калі вось суддзя таго, хто зграшыў, прызнае вартым пакарання, дык хай паваліць і загадае бічаваць у сваёй прысутнасці; колькасць удараў хай адпавядае памерам праступка,
3 але так, каб колькасць не перавышала сарака, каб брат твой на вачах тваіх не быў занадта збіты шматлікім бічаваннем і каб не быў ганебна скалечаны.
4 Не завязвай пысы валу, які малоціць на таку твой ураджай.
5 Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ без сына, то хай не выйдзе жонка памерлага замуж за каго іншага, але брат яго хай возьме яе за жонку і адновіць нашчадкаў брату свайму.
6 І першароднаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя таго, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.
7 Калі ж ён не захоча ўзяць жонку брата свайго, якая належыць яму па законе, хай жанчына пойдзе да брамы горада, і паскардзіцца старэйшынам роду, і скажа: «Брат мужа майго адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлі і ўзяць мяне за жонку»,
8 і тады адразу хай яны загадаюць яму прыйсці і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку»,
9 дык тады жанчына тая хай падыдзе да яго на вачах старэйшын, ды здыме яму сандалю з нагі, і плюне яму ў твар, і скажа: «Так бывае з чалавекам, які не будуе дому брата свайго».
10 І будзе названа імя яго ў Ізраэлі: «Дом разутага».
11 Калі мужчыны будуць мець звадку паміж сабою і калі адзін пачне шумна спрачацца з другім, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа свайго з рук мацнейшага, выцягне руку і схопіць яго за сорам яго,
12 адрэж руку яе і не май да яе аніякай літасці.
13 Не май у мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
14 Хай не будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
15 Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая, і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
16 Бо брыдзіцца Госпад твой кожным, хто так робіць, і выракаецца кожнага несправядлівага.
17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выходзіў ты з Егіпта.
18 Заступіў ён табе дарогу і пабіў усіх тых, якія ішлі апошнімі ў натоўпе тваім, бо затрымаліся ў знямозе, а ты быў знясілены голадам і цяжарам, і не пабаяўся ён Бога.
19 Дык калі Госпад, Бог твой, дасць табе супакой ад усіх навокал ворагаў тваіх у зямлі, якую мае даць табе, ты сатрэш імя Амалека з-пад неба. Глядзі, не забудзься.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 25 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.