Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 23 Паўтор Закону 23 раздзел

1 Не павінен еўнух з патрушчанымі або адсечанымі яечкамі або адрэзаным членам уваходзіць у супольнасць Госпадаву.
2 Не павінен уваходзіць байструк у супольнасць Госпадаву, нават у дзесятым пакаленні.
3 Не павінны ўваходзіць аманіцяне і маабцы ў супольнасць Госпада навекі, нават у дзесятым пакаленні; не ўвойдзе ён у супольнасць Госпада навекі,
4 таму што не захацелі яны выйсці вам насустрач з хлебам і вадой, калі вы ішлі з Егіпта, ды набылі супраць цябе Балаама, сына Бэора, з Пэтора ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.
5 Але Госпад, Бог твой, не захацеў слухаць Балаама, і замяніў праклён адносна цябе на дабраславенне, бо Ён узлюбіў цябе.
6 Не ўчыняй з імі міру і не жадай ім дабра ва ўсе дні жыцця свайго навекі.
7 Не мусіш брыдзіцца эдомцам, бо ён — твой брат, ані егіпцянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго:
8 тыя, што нарадзіліся ад іх у трэцім пакаленні, могуць увайсці ў супольнасць Госпадаву.
9 Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сцеражыся ўсякай ліхой рэчы.
10 Калі знойдзецца ў цябе чалавек, які паганіцца ў час начнога сну, дык хай выйдзе ён з лагера і не вернецца,
11 перш, чым не памыецца да вечара вадою, а пры захадзе сонца хай вернецца ў лагер.
12 Завядзі месца па-за лагерам, у якое хадзі па патрэбе,
13 несучы кіёчак за поясам, і, калі выйдзеш вонкі, выкапай ямку і, схінуўшы нячыстасць, закапай.
14 Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод лагера твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць іх табе; хай лагер твой будзе святы, і хай не ўбачыць Ён аніякай нячыстасці ў ім і не пакіне цябе.
15 Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк, гаспадару яго.
16 Хай ён жыве з табою пасярод цябе, у месцы, якое ён выбера ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаецца яму, і ты не засмучай яго.
17 Хай не будзе распусніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусніка сярод сыноў Ізраэля.
18 Не складай у ахвяру заробку распусніцы або платы распусніка ў доме Госпада, Бога твайго, чым бы ты ні прысягаў, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.
19 Не давай пазыкі пад працэнты брату свайму ані грашамі, ані харчаваннем, ані іншымі якімі рэчамі,
20 але давай чужому. Брату ж дай без працэнтаў тое, у чым ён мае патрэбу, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю на зямлі, у якую ўвайшоў ты, каб валодаць.
21 Калі складзеш прысягу Госпаду, Богу твайму, не марудзь выканаць яе, бо Госпад, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і залічыцца гэта табе за грэх.
22 Калі ўстрымаешся ад абяцання, будзеш без граху.
23 А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.
24 Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага свайго, еж вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.
25 І калі ўвойдзеш на ніву блізкага свайго, зрывай каласы рукою, а сярпом не жні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 23 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.