Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 21 Паўтор Закону 21 раздзел

1 Калі ў зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага і вінаваты ў забойстве будзе невядомы,
2 то хай выйдуць старэйшыя родам і суддзі твае і адмераюць адлегласць ад месца трупа да кожнага з навакольных гарадоў.
3 І калі вызначаць, які бліжэй за астатнія, то старэйшыя родам з горада возьмуць цялушку, якая яшчэ не насіла ярма і не рассякала зямлю лемяшом,
4 і хай прывядуць яе старэйшыя да ракі невысыхаючай, дзе месца неаранае і неабсеянае, і зломяць каля яго карак цялушцы;
5 і тады прыйдуць святары, сыны Леві, якіх выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Яго, і па іх слове павінна разбірацца кожная спрэчная справа і кожнае забойства.
6 І ўсе старэйшыя родам з гэтага горада, якія знаходзяцца паблізу забітага, няхай памыюць рукі свае над цялушкай, якая была забіта каля ракі,
7 і няхай скажуць яны: «Нашы рукі не вылілі гэтай крыві і вочы нашы не бачылі.
8 Міласцівы будзь да народа Свайго, Ізраэля, які адкупіў Ты, Госпадзе, і не залічы крыві нявіннай пасярод народа твайго, Ізраэля». І адпушчана хай будзе ім адказнасць за кроў.
9 Павінен ты змываць у сябе кроў бязвіннага, калі хочаш рабіць тое, што ёсць справядлівым у вачах Госпада.
10 Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх і аддасць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
11 і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш узяць яе за жонку,
12 то ўвядзі яе ў дом свой. Хай яна паголіць галаву сваю і абрэжа пазногці,
13 і скіне з сябе адзенне палоннай, і, седзячы ў доме тваім, будзе адзін месяц аплакваць бацьку і маці сваю. Потым увойдзеш да яе, і злучышся з ёю, і будзе яна жонкай тваёй.
14 Калі ж пазней стане яна не па душы табе, адпусці яе, куды захоча; не прадасі яе за срэбра і не ўчыніш з ёй як з нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе насуперак.
15 Калі які муж будзе мець дзвюх жонак, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
16 то, калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сынамі сваімі, не можа сына любімай зрабіць першародным і аддаць [яму] перавагу перад сынам нелюбімай,
17 але сына нелюбімай хай прызнае першародным і дасць яму з усяго, што мае, падвоеную частку, бо ён ёсць пачатак сілы яго і яму належыць права першародства.
18 Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які не слухаў бы волі бацькі і маці і, нават караны, занядбаў бы паслухмянасць,
19 дык хай возьмуць яго і прывядуць да старэйшых горада свайго і да брамы судовай
20 і скажуць ім: «Сын наш гэты ўпорысты і непаслухмяны, не хоча ён слухаць нашых напамінаў, аддаецца гулянкам, распусце і п’янству».
21 Тады мужчыны горада няхай укамянуюць яго да смерці, каб вынішчыць зло з асяроддзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.
22 Калі хто дапусціцца злачынства, якое варта пакарання смерцю, то, каб вынішчыць, ты павесіш яго на шыбеніцы,
23 дык труп яго хай не застаецца на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.