Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 4 Паўтор Закону 4 раздзел

1 А цяпер, Ізраэль, слухай прыказанні і законы, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую мае даць вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
2 Не дадавайце нічога да слова, што я вам кажу, ані аднімайце ад яго; выконвайце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам загадваю.
3 Вочы вашы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад супраць Баал-Пэгора, як Ён вынішчыў сярод вас усіх паслядоўнікаў яго.
4 А вы ўсе, якія засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывеце аж па сённяшні дзень.
5 Вось жа, я навучыў вас прыказанням і законам, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
6 Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасць ваша і разумнасць перад народамі, якія, чуючы аб усіх прыказаннях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
7 Бо дзе ж ёсць другі народ такі вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, Які бывае з намі, калі мы Яго прызываем?
8 І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказанні і справядлівыя законы, як увесь гэты закон, які я сёння прапаную вам перад вачамі вашымі?
9 Дык пільна беражы сябе самога і душу сваю, і не забудзь падзей, якія бачылі вочы твае, і хай не выйдуць яны з сэрца твайго ва ўсе дні жыцця твайго. Ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў сваіх
10 у той дзень, калі ты стаяў у прысутнасці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Збяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся шанаваць Мяне ва ўсе дні жыцця на зямлі і навучылі сыноў сваіх».
11 Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, якая палала аж пад неба, і былі над ёю цемра, хмары і змрок.
12 І прамовіў Госпад да вас з сярэдзіны агню; і гук слоў вы чулі, але ўнутры аблічча не бачылі.
13 Ён аб’явіў вам запавет Свой і загадаў, каб яго выконвалі, і дзесяць прыказанняў, якія напісаў на дзвюх каменных табліцах.
14 У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказанням і законам, якія павінны вы выконваць на зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
15 Дык беражыце пільна душы вашы, бо не бачылі вы ў той дзень ніякага падабенства, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню,
16 каб вы не сапсаваліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
17 або на падабенства якой-небудзь жывёліны, якая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае пад небам,
18 або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе пад зямлёй;
19 і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам, якія ёсць пад небам.
20 А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы егіпецкай, каб мець народ спадчынны, як гэта ёсць сёння.
21 Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдана і не ўвайду ў найлепшую зямлю, якую мае даць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
22 Вось жа, я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і атрымаеце ва ўласнасць гэтую выдатную зямлю.
23 Дык сцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяў, падобных да ўсяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
24 бо Госпад, Бог твой, ёсць агонь знішчальны, Бог руплівы апякун.
25 Калі ж ты народзіш сыноў і ўнукаў, і будзеце вы доўга жыць на зямлі, і, сапсаваўшыся, зробіце статую на падабенства чагосьці, і ўчыніце ліхое перад Госпадам, Богам вашым, так што давядзеце Яго да гневу,
26 дык бяру сёння неба і зямлю за сведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгублены з зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, маеце атрымаць ва ўладанне. Не доўга будзеце жыць на ёй, але знішчыць вас Госпад
27 і расцярушыць паміж плямёнамі, і нямногія з вас застануцца сярод народаў, да якіх мае вывесці вас Госпад.
28 Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, якія не бачаць, не чуюць, не ядуць, не адчуваюць паху.
29 І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёй.
30 Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ўсё, што прадказана ў апошнія дні, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Яго,
31 бо Госпад, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, не знішчыць зусім і не забудзе запавету, у якім склаў прысягу бацькам тваім.
32 Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, ад аднаго краю неба да другога, ці было што-колечы такое вялікае, як гэтая справа, і ці было вядома пра штосьці падобнае?
33 Ці чуў які народ голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, як ты пачуў і застаўся жывым?
34 Або ці спрабаваў які бог прыйсці і выбраць сабе народ пасярод народаў праз выпрабаванні, знакі і цуды, праз войны, рукой дужай і плячом узнятым, ды праз вялікія жахі, як усё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Егіпце на вачах тваіх?
35 Табе паказана гэта, каб ты ведаў, што Госпад ёсць Бог, і апроч Яго няма іншага.
36 Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі паказаў табе агонь Свой велізарны; і ты пачуў словы Яго з сярэдзіны агню,
37 бо Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў нашчадкаў іх пасля іх. І вывеў цябе абліччам Сваім з Егіпта сілай вялікаю,
38 каб выгнаць народы большыя і мацнейшыя за цябе ў час уваходу твайго ды каб увесці цябе і даць табе зямлю іх ва ўласнасць, як ты гэта сёння бачыш.
39 Дык пераканайся сёння і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсць Бог на небе высока і на зямлі нізка і няма іншага.
40 Захоўвай прыказанні Яго і запаветы, якія я сёння даручаю табе, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
41 Потым аддзяліў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
42 каб туды мог уцячы кожны, хто забіў блізкага мімаволі і не быў яму ворагам ні ўчора, ні заўчора, ды каб мог ён уцячы ў адзін з тых гарадоў і жыў там.
43 Гэта Басор у пустыні, што знаходзіцца на раўніне, для сыноў Рубэна; і Рамот у Галаадзе для сыноў Гада, і Галан у Басане для сыноў Манасы».
44 Такі вось закон прапанаваў Майсей перад сынамі Ізраэля;
45 вось такія сведчанні, прыказанні і законы, якія абвясціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Егіпта,
46 за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэгора, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, якога знішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Егіпта.
47 І завалодалі яны зямлёю яго і зямлёю Ога, цара Басана, двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
48 ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, аж да гары Сіён, значыць Гэрмон,
49 і ўсёю зямлёю Арабы за Ярданам на ўсходзе, аж да мора Арабы ля падножжа гары Пісгі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.