Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 17 Паўтор Закону 17 раздзел

1 Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, на якіх ёсць пляма або якая-небудзь загана, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
2 Калі знойдуцца ў асяроддзі тваім, унутры адной з брам тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і пераступяць запавет Яго,
3 і пойдуць служыць чужым багам, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
4 і аб гэтым паведамяць табе, то выслухай і старанна даследуй справу, і калі выявіш, што гэта праўда, што такая брыдота здарылася ў Ізраэлі,
5 завядзі таго мужчыну або жанчыну, якія дапусціліся гэтай надзвычай злачыннай справы, да брамы горада твайго і ўкамянуй.
6 Паводле слоў двух або трох сведкаў хай загіне той, хто мае быць забіты; ніхто не можа быць пакараны смерцю па словах аднаго сведкі.
7 Рука сведкаў будзе першай, каб забіць яго, а потым хай уздымецца рука ўсяго народа, каб ты выдаліў ліха з асяроддзя твайго.
8 Калі ўнутры брам тваіх ты ўбачыш, што ў судовых справах цяжка адназначна рассудзіць паміж крывёю і крывёю, спрэчкай і спрэчкай, бойкай і бойкай, то ўстань і ідзі на месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
9 і прыйдзі да святароў з роду левіцкага і да суддзі, які будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе рашэнне наконт прысуду.
10 І зрабі, як яны скажуць табе з месца, якое выбраў Госпад, і будзь пільны, каб выканаць так, як яны навучаць цябе
11 паводле загаду, які яны загадаюць, і паводле рашэння, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані ўправа, ані ўлева.
12 Хто з пыхлівасці не хацеў бы паслухаць волі святара, які ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэння суддзі, — будзе пакараны смерцю той чалавек, каб ты выдаліў ліха з Ізраэля.
13 А ўвесь народ, чуючы гэта, хай баіцца, каб ніхто больш не раздуваўся ад пыхі.
14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою цара, як маюць усе народы вакол нас”,
15 таго толькі паставіш над сабой царом, каго Госпад, Бог твой, выбера пасярод братоў тваіх. Не зможаш ты зрабіць царом чалавека другога народа, які не ёсць тваім братам.
16 Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Егіпет, каб павялічыць колькасць коней, тым больш што Госпад загадаў вам, каб ніколі больш гэтаю дарогаю не вярталіся.
17 Хай не будзе ён мець мноства жонак, каб не адхілялася сэрца яго, ды вялікай колькасці срэбра і золата.
18 Калі сядзе ён на пасадзе царства свайго, няхай спіша сабе са скрутка асобнік гэтага закону, узяўшы яго ў святароў з пакалення левіцкага,
19 і мае яго пры сабе і чытае яго праз усе дні жыцця свайго, каб навучыўся шанаваць Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага закону і гэтыя прыказанні, ды тое, што загадана ў законе.
20 Хай не ўздымаецца сэрца яго да пыхі над братамі сваімі, хай не ўхіляецца ён ад загадаў ані ўправа, ані ўлева, каб доўга цараваў сам і дзеці яго пасярод Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 17 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.