Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 8 Паўтор Закону 8 раздзел

1 Кожнае прыказанне, якое я табе сёння даю, выконвай з уважлівай пільнасцю, каб змаглі вы жыць і множыцца і каб, увайшоўшы, атрымалі ва ўласнасць зямлю, наконт якой прысягнуў Госпад бацькам вашым.
2 І ўспамінай усе шляхі, якімі выводзіў цябе Госпад, Бог твой, на працягу гэтых сарака гадоў праз пустыню, каб упакорыць цябе і выпрабаваць, ды каб стала вядома, што ў душы тваёй, ці будзеш ты захоўваць прыказанні Яго, ці не.
3 Ён упакорыў цябе нястачай і даў табе есці манну, якой не ведаў ані ты, ані бацькі твае, каб паказаць табе, што не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.
4 Не меў ты недахопу ў адзенні тваім, у якое апранаўся, ды нага твая не пухла на працягу гэтых сарака гадоў.
5 Дык разважай у сэрцы сваім, што, як чалавек гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,
6 каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, ішоў шляхамі Яго і шанаваў Яго.
7 Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю крыніц водных і ручаёў, дзе на палях і ў гарах прабіваюцца з глыбінь струмені,
8 у зямлю пшаніцы, ячменю і вінаграду, у якой растуць фінікавае, гранатавае і аліўкавае дрэвы, у зямлю алею і мёду,
9 дзе без аніякай нястачы будзеш есці хлеб свой ды будзеш цешыцца мноствам усялякіх рэчаў; камяні яе — жалеза, а з гор яе прабіваюцца медныя руднікі;
10 каб, калі ты будзеш есці і наясіся, дабраславіў ты Госпада, Бога твайго, за зямлю найлепшую, якую даў Ён табе.
11 Пільнуй і сцеражыся, каб часам не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказанняў Яго, законаў і пастаноў, якія я даручаю табе сёння;
12 а пасля таго, як будзеш есці і наясіся, пабудуеш прыгожыя дамы і абжывешся ў іх,
13 і будзеш мець вялікія статкі буйной і дробнай жывёлы, а таксама вялікае мноства срэбра, золата і ўсялякіх рэчаў
14 сцеражыся, каб не ўзганарылася сэрца тваё і каб не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі,
15 і быў тваім правадыром праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі змеі, якія абпальваюць, і скарпіёны, зямля сухая і поўнае бязводдзе; Ён вывеў табе ручаі са скалы вельмі цвёрдай,
16 і карміў цябе маннай у пустыні, чаго не ведалі бацькі твае, і пасля таго, як упакорыў і выпрабаваў цябе, урэшце пашкадаваў цябе,
17 каб не гаварыў ты ў сэрцы тваім: «Сіла мая і моц рукі маёй — яны далі мне ўсё гэта»,
18 але каб памятаў ты Госпада, Бога твайго, што Ён надае табе сілы, каб мог дасягнуць ты поспеху, каб споўніў Ён запавет Свой, адносна якога склаў прысягу бацькам тваім, як паказвае сённяшні дзень.
19 А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за іншымі багамі, і будзеш шанаваць іх і пакланяцца ім, — вось, цяпер сведчу перад вамі, што папрападаеце вы зусім.
20 Як тыя народы, якія Госпад знішчыў у час прыходу вашага, так і вы загінеце, калі будзеце непаслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.