Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 6 Паўтор Закону 6 раздзел

1 «Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць.
2 Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае.
3 Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
4 Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны.
5 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй».
6 Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім.
7 Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся.
8 Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх.
9 Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй.
10 Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў,
11 дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад,
12 сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі.
13 Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай.
14 Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе,
15 бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі.
16 Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе.
17 Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе;
18 і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім,
19 каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад.
20 Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” —
21 скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай,
22 ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай,
23 і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам.
24 І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём.
25 І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.