Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 3 Паўтор Закону 3 раздзел

1 Потым мы павярнулі і пайшлі дарогай на Басан; і выступіў Ог, цар Басана, насустрач нам з усім сваім народам ваяваць каля Эдраі.
2 Госпад сказаў мне: «Не бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй яго; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, які жыў у Хесебоне».
3 І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашы Ога, цара Басана, і ўвесь народ яго, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ўцалеў.
4 У той час захапілі мы ўсе яго гарады, і не было горада, які б пазбегнуў нас: шэсцьдзесят гарадоў, увесь абшар Аргоба, царства Ога ў Басане.
5 Усе гарады былі ўмацаваныя вельмі высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, не лічачы многіх гарадоў, што не мелі муроў.
6 І аддалі мы іх праклёну, як зрабілі Сэгону, цару Хесебона, знішчаючы кожны горад, мужчын, і жанчын, і дзяцей,
7 а жывёлу і здабычу з гарадоў забіралі сабе.
8 У той час узялі мы зямлю з рук двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон.
9 Сідонцы называюць Гэрмон Сірыёнам, а амарэі — Сэнірам.
10 Усе гарады на раўніне, ды ўсю зямлю Галаад і Басан аж да Сальхі і Эдраі, гарадоў царства Ога ў Басане,
11 бо толькі Ог, цар Басана, быў апошні з рэфаімаў. Можна пабачыць яго жалезнае ложа. Хіба яно не ў Рабе, у сыноў Амона? Яно мае дзевяць локцяў даўжыні і чатыры — шырыні, меркаю локця мужчынскай рукі.
12 І ўзялі мы ва ўласнасць у той час гэтую зямлю ад Араэра над ручаём Арнон аж да паловы гары Галаад; і гарады яе аддаў я [пакаленням] Рубэна і Гада.
13 Рэшту Галаада і ўвесь Басан, царства Ога, даў я палове пакалення Манасы, увесь абшар Аргоба; увесь гэты прастор Басана называецца зямлёю рэфаімаў.
14 Яір, сын Манасы, здабыў увесь абшар Аргоба аж да межаў Гэсура і Мааха; і назваў іх сваім імем «Басан Гавот Яірa», так і да сённяшняга дня.
15 Махіру я даў Галаад,
16 а пакаленням Рубэна і Гада даў частку зямлі Галаада аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая як мяжу аж да ручая Ябок, якая ёсць мяжою сыноў Амона,
17 і яшчэ Арабу з Ярданам як межы ад Кінэрэта да мора Арабы, якое ёсць морам Салёным ля падножжа гары Пісга на ўсход.
18 У гэты час даў я вам гэткі загад, кажучы: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ва ўласнасць; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце, узброеныя, наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля,
19 толькі без жонак, дзяцей і жывёлы. Я ведаю, што вы маеце вялікія статкі, дык яны павінны будуць застацца ў гарадах, якія я вам аддаў,
20 аж пакуль Госпад дасць супачынак братам вашым, як вам даў, ды аж пакуль і яны атрымаюць ва ўласнасць зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасці сваёй, якую я даў вам”.
21 У той час загадаў я Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым царам; так зробіць Ён усім царствам, да якіх ты маеш прыйсці.
22 Не бойся іх: бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас».
23 Маліў я ў той час Госпада, кажучы:
24 «Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж ёсць іншы бог на небе або на зямлі, які б здолеў выканаць справы Твае і прыпадобніцца да магутнасці Тваёй?
25 Дык дазволь мне прайсці і ўбачыць тую найлепшую зямлю за Ярданам, і гару тую выдатную, і Лібан».
26 Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і не выслухаў мяне, але сказаў мне: «Хопіць табе, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.
27 Узыдзі на вяршыню Пісгі і паглядзі вачамі сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь, бо гэтага, вось, Ярдана ты не пяройдзеш.
28 Загадай Ешуа, і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народа і падзеліць для іх зямлю, якую ты маеш убачыць».
29 Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэгора.

Зноскі:

14 a: «паселішчы Яіра».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.