Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 33 Паўтор Закону 33 раздзел

1 Вось гэта дабраславенне, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй смерцю.
2 І ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сіная і з Сэіра з’явіўся ім; з’явіўся з гары Паран і прыбыў у Мэрыбу каля Кадэса, з Яго правіцы агонь палае.
3 Сапраўды, Ён любіць народы, усе святыя Яго ў руцэ Яго, і тыя, якія туляцца да ног Тваіх, слухаюцца навукі Тваёй».
4 Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасці Якуба.
5 І быў выбраны ў Ізраэлі цар на сходзе князёў народа разам з пакаленнямі Ізраэля.
6 «Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам».
7 Гэткае дабраславенне для Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народа свайго. Рукі яго ваяваць будуць за яго, а Ты Успаможца яго будзеш».
8 Пра Леві таксама сказаў: «Твае тумім і урым дай чалавеку святому Твайму, якога выпрабаваў Ты ў Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: “Не ведаю вас”. І не ведае братоў сваіх, і дзяцей сваіх не ведае. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
10 Будуць вучыць яны пастановам Тваім Якуба і закону Твайму Ізраэля; і будуць паліць кадзіла для ноздраў Тваіх і цэласпаленні на ахвярніку Тваім.
11 Дабраславі, Госпадзе, моц яго ды прымі творы рук яго. Стаўчы сцёгны непрыяцелям яго, і тыя, што зненавідзелі яго, хай не падымуцца».
12 Пра Бэньяміна сказаў: «Улюбёны Госпадам будзе пражываць упэўнена з Ім, Узвышні будзе апекавацца над ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго».
13 Пра Язэпа таксама сказаў: «Дабраславёна Госпадам зямля яго: дарамі неба, расою, ды тым, што ў бездані падзямельнай,
14 пладамі сонца і дарамі месяцаў,
15 багаццем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
16 пладамі зямлі і багаццем яе. Дабраславенне Таго, Хто аб’явіўся ў кусце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасвячонага пасярод братоў сваіх.
17 Прыгажосць яго — як першароднага быка, і рогі яго — рогі адзінарога, імі забадзе народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасць Эфраіма, і такія тысячы Манасы».
18 Пра Забулона сказаў: «Цешся, Забулон, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!
19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасці. Яны будуць спажываць шчодрасць мора, быццам малако, і багацці, схаваныя ў пяску».
20 Пра Гада вось што сказаў: «Дабраславёны, хто пашырае Гада! Як леў, ён адпачывае, разрывае ён плячо і галаву.
21 І ён бачыць пачаткі для сябе, бо там была змешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народа, і рабіў справядліва перад Госпадам, і прысуды Яго разам з Ізраэлем».
22 Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае часта з Басана».
23 Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасцю і поўны будзе дабраславенне Госпадавага; завалодае морам і поўднем».
24 Пра Асэра вось што сказаў: «Дабраславёны Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алеі нагу сваю.
25 Жалеза і медзь — засаўкі твае, як дні твае — сіла твая.
26 Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе сваёй па воблаках.
27 Прыбежышча — Бог адвечны, абарона — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Знішчы”».
28 Ізраэль будзе жыць бяспечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
29 Шчаслівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, зберагаемы Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 33 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.