Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 32 Паўтор Закону 32 раздзел

1 «Слухайце нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх!
2 Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імжа, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.
3 Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце вялікую хвалу Богу нашаму!
4 Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго — справядлівасць. Бог верны, і няма ў Ім ніякай няпраўды, Ён справядлівы і праўдзівы.
5 Зграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці ў брыдотах сваіх, пакаленне паганае і ліхое.
6 Чым аддаеце Госпаду, народ дурны і безразважны? Ці ж Ён не Айцец твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцці цябе.
7 Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленні; спытайся ў бацькі свайго, і ён скажа табе, старэйшын тваіх, і раскажуць табе.
8 Калі падзяляў Найвышэйшы народы, калі раздзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля.
9 Уласнасць Госпада народ Яго. Якуб — удзел спадчыны Яго.
10 Ён знайшоў яго на зямлі бязлюднай у месцы жаху і ляманту пустыннага, абходзіў яго кругом і пільнаваў, і сцярог, як зрэнку вока Свайго.
11 Як арол прынукае лятаць птушанят сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,
12 так Госпад Сам вадзіў яго, і не было з ім бога чужога.
13 І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей з цвёрдага каменя,
14 масла з кароў і малако з авечак, разам з тлушчам бараноў, і ягнят сыноў Басана, і казлоў, разам з найчысцейшай пшаніцай, і каб піў адборную кроў вінаграду.
15 Насыціўся Ізраэль і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і распаўнелы, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зняважыў скалу збаўлення свайго.
16 І правакавалі яны Яго багамі чужымі, ды брыдотамі прынукалі да гневу.
17 Ахвяры складалі яны дэманам, а не Богу, багам, якіх не ведалі; з’явіліся яны, новыя і невядомыя, якім не пакланяліся бацькі іх.
18 Скалу, якая цябе нарадзіла, пакінуў ты, і забыўся ты на Госпада, Творцу свайго.
19 Убачыў Госпад і абурыўся, бо правакавалі Яго сыны Яго і дочкі.
20 Дык сказаў: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іх, бо пакаленне гэта ліхое і сыны няверныя.
21 Яны Мяне абурылі тым, хто не быў Богам, і раздражнілі марнасцю сваёй; і Я справакую іх тым, хто не ёсць народам, народам дурным раздражню іх.
22 Узгарэўся агонь раз’ятранасці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расліннасцю яе, і спапяліць падваліны гор.
23 Я збяру на іх няшчасці і засыплю іх стрэламі Маімі.
24 Будуць мораны яны голадам, марнаваны трасцаю і лютай пошасцю; і пашлю Я на іх зубы звяроў і атруту змеяў, якія поўзаюць у пыле.
25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам”.
26 Я сказаў: “Знішчу іх і звяду ў людзей памяць пра іх”.
27 Але спыніў гэта дзеля пыхлівасці ворагаў, каб ворагі яго не ўзганарыліся і не казалі: “Рука наша ўзнятая, а не Госпад зрабіў усё гэта!”
28 Народ бо гэта бязрадны і неразважлівы.
29 Ці ж разважаюць яны і ці зразумеюць яны гэта і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю?
30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а двое адганяць дзесяць тысяч? Ці няпраўда, што скала іх прадала іх, і Госпад выдаў іх?
31 Бо іх скала не такая, як наша Скала; і ворагі нашы — суддзі у гэтым.
32 Бо вінаград іх ад вінаграднага куста садомскага і з прыгарада гаморскага. Ягады іх — ягады атруты, і гронкі, як палын.
33 Віно іх — атрута змяіная і смяротная атрута гадзючая.
34 Ці ж гэта не схавана ў Мяне і не запячаткавана ў скарбах Маіх?
35 Маім ёсць пакаранне, і я аднагароджу ў час, калі пахіснецца нага іх! Блізка ўжо дзень загубы, і хутка надыходзіць рашэнне лёсу іх».
36 Будзе судзіць Госпад народ Свой, пашкадуе Ён паслугачоў Сваіх; убачыць, што рука іх аслабла і што не стала ні нявольнікаў, ні вольных,
37 і скажа: «Дзе ж багі іх, скала, на якую яны мелі надзею,
38 ад ахвяр якім елі тлушч і пілі віно іх вадкіх ахвяр? Хай падымуцца і дапамогуць вам і хай у бядзе абароняць вас!
39 Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны і няма Бога, апрача Мяне; Я магу забіць і магу даць жыццё, Я магу скалечыць і аздаравіць, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца.
40 Падыму аж да неба руку Маю і скажу: “Я жыву вечна!
41 Калі Я навастру, як маланку, Мой меч і рука Мая выканае прысуд, аддам Я кару ворагам маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, адплачу.
42 Насычу кроўю стрэлы Мае, і меч Мой паглынаць будзе целы, кроў забітых і палонных, галовы варожых правадыроў!”
43 Хваліце, народы, народ Яго, бо адпомсціць Ён за кроў паслугачоў Сваіх, і прызначыць пакаранне для ворагаў Сваіх, і міласцівы будзе да зямлі народа Свайго».
44 Дык пайшоў Майсей з Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтага гімна ў вушы народа.
45 І скончыў Майсей пераказваць усе гэтыя словы, прамаўляючы да ўсяго Ізраэля,
46 і сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым усе словы, якія я вам сёння пераказваю, ды загадайце вашым дзецям берагчы і выконваць іх і спаўняць усе словы гэтага закону.
47 Бо слова гэтае не ёсць для вас малаважнае, але гэта жыццё ваша; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю».
48 У той самы дзень сказаў Госпад Майсею:
49 «Узыдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэба, якая ў зямлі Мааба насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля ва ўласнасць.
50 І памры ты на гары, на якую ты ўзыдзеш, і далучыся да народа свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народа свайго.
51 Бо зграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэса, на пустыні Сін, бо не ўшанавалі святасці Маёй сярод сыноў Ізраэля.
52 Таму толькі здалёк убачыш перад сабою тую зямлю, але ты сам не ўвойдзеш у тую зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 32 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.