Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 14 Паўтор Закону 14 раздзел

1 Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым,
2 бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі.
3 Не еж нічога паганага.
4 Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза,
5 алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл.
6 Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку.
7 Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас.
8 Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся.
9 Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску;
10 а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя.
11 Усіх чыстых птушак — ежце.
12 Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла,
13 чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго,
14 і любую птушку з роду крумкача,
15 страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго,
16 пугача, рыбалова і ібіса,
17 лебедзя, пелікана і сыча,
18 чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана.
19 Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці.
20 Усякую птушку чыстую можаце есці.
21 Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго.
22 Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод,
23 і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго.
24 Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
25 то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
26 і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая,
27 і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою.
28 Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх,
29 і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 14 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.