Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 19 Паўтор Закону 19 раздзел

1 Калі Госпад, Бог твой, знішчыць народы, зямлю якіх мае перадаць табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах яе,
2 тады выдзелі сабе тры гарады пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць,
3 і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб хтосьці з блізкіх, які стаў выгнаннікам праз забойства, меў куды адысці.
4 Такі хай будзе закон для забойцы-ўцекача, якога жыццё мае быць захавана: калі ён забіў блізкага без намеру і калі прадставіў доказы, што ані ўчора, ані заўчора не меў супраць яго ніякай нянавісці,
5 але проста пайшоў з ім у лес секчы дрэвы і пры сячэнні дрэў сякера выпала з рук і жалеза, саскочыўшы з тапарышча, ударыла і забіла яго сябра, — тады хай ён уцякае ў адзін з вышэй згаданых гарадоў і жыве,
6 каб мсцівец за кроў у гарачнасці сэрца не пагнаўся і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, ды каб не памёр той, хто не вінаваты ў смерці, бо даказана, што не меў ён раней аніякай нянавісці да таго, які быў забіты. Ні ўчора, ні трэцяга дня.
7 Таму я загадваю табе, каб ты выдзеліў тры гарады на аднолькавай адлегласці паміж сабою,
8 калі Госпад, Бог Твой, пашырыць межы твае, як прысягнуў тваім бацькам, ды аддасць табе ўсю зямлю, якую паабяцаў ім,
9 калі ты будзеш пільнавацца кожнага гэтага прыказання і выконваць тое, што я табе сёння загадваю, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў увесь час дарогамі Яго, — тады дадасі сабе тры іншыя гарады і падвоіш колькасць вышэй згаданых гарадоў,
10 каб не праліваць нявіннай крыві пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, каб не было на табе віны крыві.
11 Калі аднак хтосьці з нянавісці да свайго блізкага цікаваў на яго жыццё, паўстаў супраць яго, забіў яго, і той памёр, і ўцячэ ён у адзін з вышэй названых гарадоў,
12 то старэйшыны гэтага горада пашлюць па яго, забяруць яго з месца сховішча і аддадуць у рукі мсціўцы за кроў, і ён памрэ.
13 Не шкадуй яго і змый кроў нявінную з Ізраэля, каб добра табе было.
14 Не парушай межаў блізкага твайго, якія вызначылі папярэднікі ва ўладанні тваім, якое атрымаеш ты ў зямлі, што дасць табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
15 Недастаткова будзе аднаго сведкі супраць каго-небудзь, якім бы ні быў яго грэх або яго злачынства; але дастаткова будзе любога слова з вуснаў двух або трох сведкаў.
16 Калі выступіць сведка лжывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
17 то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад абліччам святароў і суддзяў, што будуць у тыя дні.
18 Калі суддзі, надзвычай уважліва праверыўшы, выявяць, што лжывы сведка сказаў няпраўду супраць брата свайго,
19 то хай яны зробяць яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму; і так вынішчыш зло з асяроддзя свайго,
20 каб другія, пачуўшы, баяліся і ніколі больш у асяроддзі тваім такіх рэчаў не адважваліся рабіць.
21 Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу патрабуй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.