Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 20 Паўтор Закону 20 раздзел

1 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што і коней, і калясніц, і людзей у варожым войску болей, чым у цябе, не бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай.
2 «Перад пачаткам бою хай выступіць святар перад войскам і прамовіць да народа так:
3 “Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёння супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца ваша, не саступайце і не палохайцеся іх,
4 бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі і будзе ваяваць за вас з ворагамі вашымі, каб выратаваць вас з небяспекі”.
5 Таксама і кіраўнікі, калі войска выслухае, няхай звернуцца да кожнага атрада: “Ці ёсць тут чалавек, які пабудаваў новы дом і не пасвяціў яго? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не згінуў у баі і хто іншы яго пасвяціў.
6 Ці ёсць чалавек, які насадзіў вінаграднік і яшчэ не сабраў ураджаю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а другі чалавек не сабраў вінаград.
7 Ці ёсць чалавек, які заручыўся з жонкаю, але не пабраўся з ёю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а хто іншы не пабраўся б з ёю”.
8 Сказаўшы гэта, хай дададуць яны апошняе і скажуць народу: “Хто чалавек баязлівы і чыё сэрца дрыжыць? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб не рабіў баязлівымі сэрцы братоў сваіх, як і сам ён ахоплены страхам”.
9 Як толькі кіраўнікі скончаць прамаўляць да народа, тады трэба паставіць правадыроў войска на чале народа.
10 Калі ты падыдзеш пад горад, каб яго заваяваць, перш прапануй яму супакой.
11 Калі ён прыме прапанову і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсць, служыць табе, плацячы даніну.
12 А калі ён не захоча заключыць дамову з табою і пачне супраць цябе вайну, то штурмуй яго.
13 І калі Госпад, Бог твой, аддасць яго ў рукі твае, пазабівай усіх, хто ў ім мужчынскага роду, вастрыём меча,
14 за выключэннем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў горадзе знаходзіцца. Усю здабычу гэтую забяры сабе і спажывай здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.
15 Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія не ёсць гарадамі гэтых народаў, якія ты маеш атрымаць ва ўласнасць.
16 Толькі з тых гарадоў, якія будуць дадзены табе, нікога наогул не пакінеш ты жывым,
17 але заб’еш мечам хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,
18 каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія яны рабілі багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам вашым.
19 Калі доўгі час будзеш рабіць аблогу горада і акружыш яго ўмацаваннямі, каб заваяваць яго, не ссякай дрэў яго, з якіх можаш жывіцца, плады яго можаш есці, а яго самога не ссякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
20 Калі ж якое дрэва не надаецца на ежу, ссячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш горада, які з табой ваюе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.