Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 7 Паўтор Закону 7 раздзел

1 Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да якой ідзеш, каб завалодаць ёю, вынішчыць Ён перад табой многія народы, хетэяў і гергесеяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, сем народаў намнога большых і дужэйшых за цябе.
2 Госпад, Бог твой, аддасць іх табе, а ты іх выгубі аж да поўнага вынішчэння. Не заключай з імі пагаднення і не будзь да іх літасцівы.
3 Не злучайся з імі ў шлюбе: не аддавай дачкі сваёй сынам іх, а іх дачку не прымай для сына твайго,
4 бо яна звядзе сына твайго, каб не ішоў ён следам за Ім ды каб служыў другім багам, і ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас знішчыць.
5 Але вось так маеце зрабіць лепш з імі: знішчыце іх ахвярнікі, разбіце іх камяні, ссячыце святыя гаі, а ідалаў спаліце агнём.
6 Бо ты народ, пасвячоны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты Яго ўласным народам з усіх народаў, што жывуць на зямлі.
7 Не з той прычыны, што вы перавышаеце лікам усе народы, паяднаўся з вамі Госпад і абраў вас, — бо вы меншыя з усіх народаў, —
8 але дзеля таго, што Госпад палюбіў вас і захаваў запавет, якім прысягнуў бацькам вашым, вывеў Ён вас рукой дужай і выкупіў цябе з дому няволі, з рукі фараона, цара Егіпта.
9 І ведай, што Госпад, Бог твой, і ёсць Сам Бог, Бог верны, Які зберагае запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Яго, і да тых, якія пільнуюць загады Яго, на тысячы пакаленняў,
10 і адгаджае ненавіснікам Сваім так, каб расцярушыць іх і больш не памнажаць, безадкладна аддаючы ім тое, што яны заслугоўваюць.
11 Дык выконвай загады, і прыказанні, і законы, якія Я сёння даю табе, каб ты выконваў.
12 Калі вы будзеце слухаць гэтыя загады, берагчы іх і выконваць, то і Госпад, Бог твой, зберажэ для цябе запавет і міласэрнасць, аб якой прысягаў бацькам тваім,
13 і будзе любіць цябе і дабраслаўляць цябе, і размножыць цябе, і дабраславіць плод улоння твайго і плод зямлі тваёй, збожжа тваё і вінаград, алей і прыплод жывёлы, і прырост авечак тваіх на зямлі, адносна якой прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць яе табе.
14 Дабраславёны будзеш ты больш за ўсе народы. Не будзе ў цябе ані бясплоднага, ані бясплоднай, як у людзей, так і ў статках тваіх.
15 Забярэ ад цябе Госпад усякую немач; і найгоршыя хваробы егіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
16 Ты паглынеш усе народы, якія Госпад, Бог твой, мае даць табе; хай не пашкадуе іх вока тваё, і не служы багам іх, каб не былі яны на загубу табе.
17 Калі скажаш ты ў сэрцы сваім: «Гэтыя народы большыя лікам за мяне; як жа змагу я вынішчыць іх?» —
18 не бойся іх, але ўспомні, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім егіпцянам:
19 вялікія плягі, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, а таксама руку магутную і ўзнятае плячо, каб вывеў цябе Госпад, Бог твой; так зробіць Ён усім народам, якіх ты баішся.
20 Звыш таго, пашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, аж пакуль не вынішчыць усіх і не расцярушыць тых, якія маглі ўцячы ад цябе і схавацца.
21 Не бойся іх, бо Госпад, Бог твой, — пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
22 Ён будзе знішчаць гэтыя народы перад абліччам тваім пакрысе і часткамі. Не зможаш вынішчыць іх хутка, каб не размножыліся супраць цябе звяры зямныя.
23 І выдасць іх Госпад, Бог твой, перад абліччам тваім, і будзе трывожыць іх вялікай трывогай, пакуль зусім не будуць вынішчаны.
24 У рукі твае аддасць Ён цароў іх, і сатрэш імёны іх з-пад неба; ніхто не зможа супрацівіцца табе, пакуль не выгубіш іх.
25 Ідалаў іх спалі агнём; і не будзь сквапным на срэбра і золата, якімі яны прыбраныя, нічога з гэтага не бяры сабе, каб не ўчыніць грэх, бо гэта брыдота для Госпада, Бога твайго.
26 Не прынось брыдоту ў дом твой, каб не было на цябе пракляцця, як і на яе; прызнавай гэта за бруд і лічы за нячыстасць ды агіднасць брыдкую, бо гэта — пракляцце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Паўторанага Закону, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.