Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 7 Другі закон 7 раздзел

1 Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, і прагоніць ад аблічча твайго шматлікія народы, Хэтэяў, Гергесэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Эвусэяў, сем народаў, якія большыя лікам і мацнейшыя за цябе,
2 і перадасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і паб’еш іх, тады аддай іх праклёну, ня ўступай зь імі ў спрымірэнства і не шкадуй іх;
3 і ня ўступай зь імі ў сваяцтва: дачкі тваёй не аддавай за сына ягонага, і дачкі ягонай не бяры за сына твайго;
4 бо яны адвернуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць іншым багам, і тады запаліцца на вас гнеў Госпада, і Ён хутка вынішчыць цябе.
5 А зрабеце зь імі так: ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце і гаі іхнія высечыце і балванаў іхніх спалеце агнём;
6 бо ты народ сьвяты ў Госпада, Бога твайго: цябе выбраў Гасподзь, Бог твой, каб ты быў уласным ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі.
7 Не на тое, каб вы былі большыя лікам за ўсе народы, прыняў вас Гасподзь і выбраў вас, — бо вы меншыя лікам за ўсе народы, —
8 а таму, што любіць вас Гасподзь, і на тое, каб захаваць клятву, якою Ён прысягаў бацькам вашым, вывеў вас Гасподзь рукою моцнаю і вызваліў цябе з дома рабства, з рукі фараона, цара Егіпецкага.
9 Дык вось, ведай, што Гасподзь, Бог твой, ёсьць Бог верны, Які захоўвае запавет і літасьць да тых, хто любіць Яго і шануе наказы Ягоныя да тысячы родаў,
10 і аддасьць ненавісьнікам Ягоным у асобе іхняй, зьнішчаючы іх; Ён не замарудзіць, ненавісьніку Ягонаму самому асабіста аддасьць.
11 Дык вось, шануй запаведзі й пастановы і законы, якія сёньня табе наказваю выконваць.
12 І калі вы будзеце слухацца законаў гэтых і захоўваць і выконваць іх, дык Гасподзь, Бог твой, будзе захоўваць запавет і літасьць да цябе, як Ён прысягаўся бацькам тваім,
13 і палюбіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць цябе, і дабраславіць плод улоньня твайго і плод зямлі тваёй, і хлеб твой і віно тваё і алей твой, народжанае ад буйнога быдла твайго, і ад статку авечак тваіх, на той зямлі, якую запрысягнуў бацькам тваім даць табе;
14 дабраславёны ты будзеш больш за ўсе народы; ня будзе ні бясплоднага ні бясплоднай, ні ў цябе, ні ў быдле тваім;
15 і адвядзе ад цябе Гасподзь усякую немач, і ніякіх лютых хваробаў Егіпецкіх, якія ты ведаеш, не навядзе на цябе, а навядзе іх на ўсіх ненавісьнікаў тваіх;
16 і зьнішчыш усе народы, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе: хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня служы багам іхнім, бо гэта сетка на цябе.
17 Калі скажаш у сэрцы тваім: «народы гэтыя большыя лікам за мяне; як я магу выгнаць іх?»
18 ня бойся іх, згадай тое, што зрабіў Гасподзь, Бог твой, з фараонам і ўсім Егіптам,
19 тыя вялікія выпрабаваньні, якія бачылі вочы твае, азнакі, цуды і руку моцную і мышцу высокую, зь якімі вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, тое самае зробіць Гасподзь, Бог твой, з усімі народамі, якіх ты баішся;
20 і чмялёў нашле Гасподзь, Бог твой, на іх, пакуль не загінуць тыя, што засталіся і пахаваліся ад аблічча твайго;
21 ня бойся іх, бо Гасподзь, Бог твой, сярод цябе, Бог вялікі й страшны.
22 І будзе Гасподзь, Бог твой, праганяць перад табою народы гэтыя спакваля; ня можаш ты вынішчыць іх хутка, каб не памножыліся супроць цябе польныя зьвяры;
23 але аддасьць іх табе Гасподзь, Бог твой, і прывядзе іх у вялікае бянтэжаньне, аж пакуль яны не загінуць;
24 і аддасьць цароў іхніх у рукі твае, зьнішчыш іхняе імя з-пад нябёсаў: ня ўстоіць ніхто супроць цябе, пакуль ня выкарчуеш іх.
25 Балваноў — багоў іхніх папалеце агнём; не пажадай узяць сабе срэбра альбо золата, якое на іх, каб гэта ня сталася табе сеткаю, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму;
26 і ня ўнось шкараднай брыдоты ў дом твой, каб не падупасьці праклёну, як яна; адварочвайся ад гэтага і гідзіся гэтага, бо гэта праклятае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 7 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.