Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 24 Другі закон 24 раздзел

1 Калі хто возьме жонку і зробіцца мужам яе, і яна ня знойдзе ўпадабаньня ў вачах ягоных, бо ён знаходзіць у ёй што-небудзь агіднае, і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго,
2 і яна выйдзе з дома ягонага, пойдзе і выйдзе за другога мужа,
3 але і гэты апошні муж зьненавідзіць яе і напіша ёй разводны ліст, і дасьць ёй у рукі, і адпусьціць яе з дома свайго, альбо памрэ гэты апошні муж яе, які ўзяў яе сабе за жонку, —
4 дык ня можа першы муж яе, які адпусьціў яе, зноў узяць яе сабе за жонку, пасьля таго, як яна заплямілася, бо гэта ёсьць гідота прад Госпадам, і не рабі грэху — той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.
5 Калі хто ўзяў жонку нядаўна, дык няхай ня йдзе на вайну, і нічога нельга ўскладаць на яго; няхай ён застанецца вольны ў доме сваім цэлы год і радуе жонку сваю, якую ўзяў.
6 Ніхто не павінен браць у заклад верхняга і ніжняга жарона, бо такі бярэ ў заклад душу.
7 Калі знойдуць каго, што ён украў у каго-небудзь з братоў сваіх, з сыноў Ізраілевых, і паняволіў яго, дык такога злодзея трэба аддаць сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе.
8 Сьцеражыся ў пошасьці праказы, каб добра пільнавацца і рабіць усё тое, чаго навучаць сьвятары і лявіты; старанна выконвайце, што я загадаў ім;
9 памятай, што Гасподзь, Бог твой, зрабіў Марыямі ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта.
10 Калі ты блізкаму свайму што-небудзь пазычаеш, дык не хадзі да яго ў дом, каб узяць у яго заклад,
11 пастой на вуліцы, а той, каму ты пазычыў, вынесе табе заклад свой на вуліцу;
12 а калі ён будзе чалавек бедны, дык ты не кладзіся спаць, маючы заклад ягоны;
13 аддай яму заклад пры захадзе сонца, каб ён лёг спаць у вопратцы сваёй і дабраславіў цябе, — і табе залічыцца гэта ў праведнасьць прад Госпадам, Богам тваім.
14 Ня крыўдзі найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх альбо з прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй, у жытлішчах тваіх;
15 таго ж самага дня аддай плату ягоную, каб сонца не зайшло раней таго, бо ён бедны, і чакае яе душа ягоная; каб ён не залямантаваў на цябе Госпаду, і ня было на табе грэху.
16 Бацькі не павінны карацца за дзяцей сьмерцю, і дзеці не павінны карацца сьмерцю за бацькоў; кожны павінен карацца сьмерцю за сваё злачынства.
17 Ня судзі навыварат прыхадня, сірату, і ва ўдавы не бяры вопраткі ў заклад;
18 памятай, што і ты быў рабом у Егіпце, і Гасподзь вызваліў цябе адтуль: таму я і загадваю табе рабіць гэта.
19 Калі будзеш жаць на полі тваім і забудзеш сноп на полі, дык не вяртайся па яго: няхай ён застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсіх дзеях рук тваіх.
20 Калі будзеш абіваць масьліну тваю, дык не пераглядай за сабою галінаў: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве.
21 Калі будзеш зьбіраць плады ў вінаградніку тваім, не абірай рэштак за сабою: няхай застаецца прыхадню, сіраце і ўдаве;
22 і памятай, што ты быў рабом у зямлі Егіпецкай: таму я і загадваю табе рабіць гэта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 24 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.