Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 24 Другазаконьне 24 раздзел

1 Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных, бо ён знайшоў у ёй нешта паганае, няхай ён напіша ёй ліст разводны, дасьць яго ў рукі ейныя і выправіць яе ў дом ейны.
2 А калі яна выйдзе з дому свайго, і пойдзе, і стане жонкаю іншага,
3 і зьненавідзіць яе другі муж, і напіша ёй ліст разводны, і дасьць яго ў рукі ейныя, і выправіць яе ў дом ейны або калі памрэ другі муж, які ўзяў яе за жонку,
4 ня можа першы муж ейны, які выправіў яе, вярнуць яе і ўзяць за жонку, бо яна ўжо апаганена; гэта брыдота перад абліччам ГОСПАДА. Не пагань зямлі, якую дае табе на ўласнасьць ГОСПАД, Бог твой.
5 Калі чалавек нядаўна ўзяў жонку, няхай не ідзе ў войска і няхай не накладаецца на яго нейкі абавязак [грамадзкі], але няхай застаецца вольны ў доме сваім і няхай адзін год радуецца з жонкаю сваёй, якую ўзяў.
6 Нельга браць у заклад жорны ці камень млыновы, бо гэта [нібыта] браць душу ў заклад.
7 Калі будзе знойдзены чалавек, які схапіў душу [некага] з братоў сваіх, сыноў Ізраіля, і зьняволіў яго, і прадаў яго, няхай памрэ злачынца, і вынішчыш зло спасярод сябе.
8 Захоўваючы, захоўвай пільна, калі [будзе] хвароба праказы, каб рабіць тое, чаму вучаць вас сьвятары лявіты. Што я загадаў ім, тое выконвайце старанна.
9 Памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, з Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.
10 Калі бліжняму твайму пазычыш нейкую рэч, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць нешта ў заклад,
11 але будзеш стаяць звонку, а чалавек, якому ты пазычыў, прынясе табе заклад навонкі.
12 Калі гэта чалавек бедны, ня ляжаш спаць з закладам ягоным,
13 але зьвярні яму заклад да заходу сонца, каб спаў ён у адзеньні сваім і дабраславіў цябе, і гэта будзе табе [залічана] ў праведнасьць перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
14 Не прыгнятай найміта, беднага і ўбогага, з братоў тваіх ці прыхадняў тваіх, якія ў зямлі тваёй і ў брамах тваіх.
15 У той самы дзень аддай яму плату [за працу] ягоную, і няхай ня зойдзе над ёй сонца, бо ён — бедны, і з гэтага жыве душа ягоная, каб ня клікаў ён супраць цябе ГОСПАДА і не было на табе грэху.
16 Ня будуць паміраць бацькі за сыноў, і сыны ня будуць паміраць за бацькоў, але няхай кожны памірае за грэх свой.
17 Не судзі крывадушна прыхадня і сіраты; і ад удавы не бяры адзеньня ў заклад.
18 Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль ГОСПАД, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.
19 Калі будзеш жаць жніво тваё на полі тваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але няхай застаецца ён для прыхадня, сіраты і ўдавы, каб дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
20 Калі будзеш зьбіраць аліўкі твае, не пераглядай галінкі, але няхай застануцца [аліўкі] для прыхадня, сіраты і ўдавы.
21 Калі будзеш зьбіраць вінаград твой, не зьбірай гронак, якія засталіся, але няхай будуць яны для прыхадня, сіраты і ўдавы.
22 І памятай, што ты быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай. Дзеля гэтага я загадваю табе рабіць гэта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 24 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.