Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 26 Другазаконьне 26 раздзел

1 Калі ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, і ты авалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,
2 возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш у зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і ўложыш іх у кошык, і пойдзеш на месца, якое ГОСПАД, Бог твой, выбраў, каб было там імя Ягонае.
3 І прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: “Абвяшчаю сёньня перад ГОСПАДАМ, Богам тваім, што я ўвайшоў у зямлю, якую ГОСПАД запрысяг бацькам нашым, што дасьць яе нам”.
4 І возьме сьвятар кошык з рукі тваёй, і паставіць перад ахвярнікам ГОСПАДА, Бога твайго,
5 а ты адкажаш і скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў у Эгіпет, і завандраваў туды малой грамадкай, і стаўся там народам вялікім, дужым і шматлікім.
6 І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, і накладалі на нас цяжкія працы.
7 І мы клікалі да ГОСПАДА, Бога бацькоў нашых. І Ён впачуў крык наш, і ўбачыў пакуты нашыя, і працу нашую, і ўціск наш.
8 І вывеў нас ГОСПАД, Бог наш, рукою моцнаю і рамяном узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў,
9 і прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
10 І вось цяпер я прынёс пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне ГОСПАД”. І паложыш іх перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і паклонішся перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
11 І будзеш радавацца ў-ва ўсіх даброцьцях, якія даў ГОСПАД, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і лявіт, і прыхадзень, які ў цябе.
12 Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, і яны будуць есьці ў брамах тваіх, і насыцяцца,
13 тады скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Узяў я з дому свайго тое, што сьвятое, і даў лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх прыказаньняў Тваіх, як Ты загадаў мне. Я не парушыў прыказаньняў Тваіх і не забыўся [пра іх].
14 Не спажываў я іх у [дзень] жалобы, ня ўзяў нічога з іх, калі быў нячысты, не даваў з іх нічога памёршаму. Я слухаў голас ГОСПАДА, Бога майго, і зрабіў усё, што Ты загадаў мне.
15 Дык глянь са сьвятой Сялібы Тваёй, з неба, і дабраславі народ Твой, Ізраіля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягаў бацькам нашым, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам”.
16 Сёньня ГОСПАД, Бог твой, загадвае табе, каб ты выконваў пастановы гэтыя і прысуды, і захоўваў, і выконваў гэта ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.
17 Ты выбраў сёньня ГОСПАДА, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў шляхамі Ягонымі і захоўваў пастановы Ягоныя, прыказаньні Ягоныя і прысуды Ягоныя, і слухаўся голасу Ягонага.
18 А ГОСПАД выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён прамаўляў табе, і каб ты выконваў усе прыказаньні Ягоныя.
19 І Ён узвысіць цябе ў пашане, іменьні і славе па-над усімі народамі, якія Ён учыніў, каб ты быў для ГОСПАДА, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён прамаўляў».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 26 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.