Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 22 Другазаконьне 22 раздзел

1 Калі ўбачыш вала брата твайго або авечку ягоную, што заблукала, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
2 Калі ж брат твой ня блізка ад цябе і калі ня ведаеш яго, завядзі іх у дом твой і няхай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады вернеш іх яму.
3 Так зробіш з аслом ягоным, так зробіш з плашчом ягоным, так зробіш з кожнаю згубленаю [рэччу] брата твайго, [з усім], што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.
4 Калі ўбачыш асла брата твайго або вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, але падымі з ім разам.
5 Няхай ня будзе на жанчыне адзеньня мужчынскага, а мужчына няхай не апранае шаты жаночыя; бо агідны ГОСПАДУ, Богу твайму, кожны, хто гэтак робіць.
6 Калі перад абліччам тваім знойдзеш на дарозе, на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі ці птушанятаў, не бяры маткі з птушанятамі.
7 Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб добра было табе і каб доўгімі былі дні [твае].
8 Калі пабудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім агароджу, каб не навесьці крыві на дом твой, калі [нехта] зваліцца з яго.
9 Не засявай вінаградніку твайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, якое ты пасееш, і плады вінаградніку твайго.
10 Не ары на вале і асьле разам.
11 Не апранай [адзеньня], сатканага з воўны і лёну разам.
12 Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох канцах плашчу твайго, якім акрываешся.
13 Калі мужчына возьме жонку і ўвойдзе да яе, а [потым] зьненавідзіць яе,
14 і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, і скажа: “Узяў я гэтую жанчыну, і ўвайшоў да яе, але не знайшоў у яе дзявоцтва”,
15 тады бацька і маці дзяўчыны возьмуць і прынясуць [знакі] дзявоцтва дзяўчыны да старшыняў гораду і да брамы,
16 і бацька дзяўчыны скажа старшыням: “Даў я дачку сваю чалавеку гэтаму за жонку, а ён яе зьненавідзеў.
17 Вось, ён закідае ёй ліхія ўчынкі, кажучы: "Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва". Але вось [доказы] дзявоцтва дачкі маёй”, — і раскладзе палатніну перад старшынямі гораду.
18 І возьмуць старшыні гораду мужчыну таго, і пакараюць яго,
19 І накладуць на яго сто [сыкляў] срэбра, і аддадуць іх бацьку дзяўчыны, бо ён зьняславіў імя дзяўчыны Ізраіля; і яна застанецца жонкай ягонай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
20 Але калі праўдзівае было слова тое, бо не знайшліся [доказы] дзявоцтва дзяўчыны,
21 тады завядуць дзяўчыну тую да дзьвярэй дому бацькі ейнага і каменаваць яе будуць камянямі мужчыны гораду гэтага аж да сьмерці, бо яна ўчыніла ганьбу ў Ізраілі, чынячы распусту ў доме бацькі свайго. І вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
22 Калі знойдзены будзе мужчына, які ляжыць з жанчынай, якая мае мужа, абое няхай памруць, мужчына, які ляжаў з жанчынай, і жанчына. І вынішчыш ліхоцьце з Ізраіля.
23 Калі будзе дзяўчына, якая заручана мужу, і знойдзе яе [іншы] мужчына ў горадзе, і ляжа з ёю,
24 абодвух прывядзіце да брамы гораду гэтага і ўкамянуйце іх камянямі да сьмерці. Дзяўчыну за тое, што не крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што зьняважыў жонку бліжняга свайго. І вынішчыш зло спаміж сябе.
25 А калі мужчына знайшоў у полі заручаную дзяўчыну і згвалціў яе, і лёг з ёю, няхай памрэ адзін мужчына, які ляжаў з ёю,
26 а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася грэху, [вартага] сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто паўстане супраць бліжняга свайго і адбярэ яму душу.
27 Бо яе знайшоў ён у полі, і дзяўчына заручаная крычала, але [ніхто] не дапамог ёй.
28 Калі мужчына знайшоў дзяўчыну, якая не заручаная, і схапіў яе, і лёг з ёю, і знойдуць іх,
29 той мужчына, які ляжаў з ёю, дасьць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят [сыкляў] срэбра, і яна будзе жонкай ягонай, таму што ён упакорыў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсе дні свае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 22 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.