Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 11 Другазаконьне 11 раздзел

1 Любі ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўвай загады Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя ўсе дні.
2 І вы ведаеце сёньня тое, чаго ня ведаюць сыны вашыя, якія ня бачылі караньня ГОСПАДА, Бога вашага, велічы Ягонай, і моцнай рукі Ягонай, і ўзьнятага рамяна Ягонага,
3 знакаў Ягоных і справаў Ягоных, якія Ён учыніў у Эгіпце над фараонам, валадаром Эгіпту, і над усёй зямлёй ягонай,
4 і што зрабіў Ён з усім войскам Эгіпецкім, конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі; калі нахлынулі на іх воды Мора Чырвонага перад абліччам іхнім, калі яны гналіся за вамі, і зьнішчыў іх ГОСПАД, і так ёсьць да сёньняшняга дня,
5 і што Ён зрабіў для вас у пустыні, пакуль вы не прыйшлі на месца гэтае,
6 і што Ён зрабіў Датану і Абіраму, сынам Эліява, сына Рубэна, якіх праглынула зямля, адкрыўшы пашчу сваю, дамы іхнія і намёты іхнія, і ўсе жывыя істоты, якія мелі спасярод усяго Ізраіля ішлі за імі.
7 Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія справы ГОСПАДА, якія Ён учыніў,
8 каб вы захоўвалі ўсе прыказаньні, якія сёньня я загадваю вам, каб вы ўмацаваліся і ўвайшлі, і ўзялі на ўласнасьць зямлю, у якую ўваходзіце, каб авалодаць ёю,
9 і каб доўгія былі дні вашыя ў той зямлі, якую з прысягай абяцаў ГОСПАД бацькам вашым даць ім і насеньню іхняму, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
10 Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з якой ты выйшаў, якую, укінуўшы зерне сваё, ты паліваў [працаю] ног тваіх, як у агародзе.
11 Зямля тая, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, — зямля гор і лагчынаў, якая п’е ваду з неба.
12 Гэта зямля, якою ГОСПАД, Бог твой, апякуецца, і вочы ГОСПАДА, Бога твайго, заўсёды зьвернуты на яе ад пачатку году аж да канца году.
13 “Дык калі ты будзеш слухаць прыказаньні Мае, якія сёньня Я загадваю вам, каб вы любілі ГОСПАДА, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душой вашай,
14 Я дам зямлі вашай у свой час дождж раньні і дождж позьні, і ты зьбярэш збожжа тваё, і віно тваё, і алей твой.
15 І дам Я траву на палях тваіх для быдла твайго, і ты будзеш есьці і насыцішся”.
16 Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад [Госпада], і не служылі чужым багам, і не пакланяліся ім,
17 бо запалае ГОСПАД гневам на вас, і зачыніць неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня дасьць плёну свайго, і загінеце вы хутка на добрай зямлі, якую ГОСПАД дае вам.
18 І прыйміце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую, і прывяжыце іх на знак на руку вашую, і няхай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі.
19 І навучыце ім сыноў вашых, прамаўляючы іх ім, калі ты сядзіш у доме тваім, калі ты ідзеш дарогаю, калі ты кладзешся і калі ўстаеш.
20 І напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх,
21 каб памножыліся дні твае і дні сыноў тваіх на зямлі, якую прысягнуў ГОСПАД бацькам тваім даць ім, як дні неба над зямлёй.
22 Калі будзеце захоўваць усе прыказаньні гэтыя, якія я загадваю вам, і будзеце выконваць іх, і будзеце любіць ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, і будзеце туліцца да Яго,
23 ГОСПАД прагоніць перад вамі ўсе народы гэтыя, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і дужэйшыя за вас.
24 Кожнае месца, на якое стане нага вашая, будзе вашым. Ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да Мора Заходняга будуць межы вашыя.
25 Ніхто не ўстаіць перад вамі, бо ГОСПАД, Бог ваш, навядзе страх і трывогу перад вамі на аблічча ўсёй зямлі, на якую вы ступіце, як Ён прамовіў да вас.
26 Глядзі, Я даю вам сёньня дабраславенства і праклён;
27 дабраславенства, калі будзеце слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам сёньня,
28 і праклён, калі ня будзеце слухаць прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага, і зыйдзеце са шляху, які я загадваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх ня ведаеце.
29 І станецца, калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую ты ідзеш атрымаць на ўласнасьць, ты абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Эваль.
30 Горы гэтыя за Ярданам, на шляху на захад сонца, у зямлі Хананейцаў, якія жывуць у Арабе насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.
31 Бо вы пяройдзеце праз Ярдан, каб прыйсьці і завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам, і возьмеце яе на ўласнасьць, і будзеце жыць на ёй.
32 Дык захоўвайце і выконвайце ўсе пастановы і прысуды, якія я даю вам сёньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 11 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.