Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 2 Другазаконьне 2 раздзел

1 І павярнуліся мы, і рушылі мы ў пустыню шляхам да Мора Чырвонага, як да мяне прамовіў ГОСПАД, і шмат дзён абыходзілі вакол гару Сэір.
2 І сказаў ГОСПАД мне, кажучы:
3 “Досыць вам хадзіць кругом гары гэтай, Зьвярніце на поўнач.
4 А народу загадай, кажучы: "Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, якія жывуць у Сэіры, і яны будуць баяцца вас, і вы будзьце вельмі ўважлівыя,
5 не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй нават на стапу нагі, таму што гару Сэір Я даў у валоданьне Эзаву.
6 Ежу купляйце ў іх за срэбра і ешце; таксама ваду купляйце ў іх за срэбра і піце.
7 Бо ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх. Ён ведае вандроўку тваю ў гэтай пустыні вялікай. Вось, сорак гадоў ГОСПАД, Бог твой, з табою, і нічога табе не бракавала"”.
8 І абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія жылі ў Сэіры, шляхам на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі шляхам у пустыню Мааў.
9 І сказаў мне ГОСПАД: “Не варагуй супраць Мааву і не пачынай з імі вайны, бо Я ня дам нічога ў валоданьне табе з зямлі іхняй, бо Я аддаў Ар у валоданьне сынам Лота’”.
10 Перад тым жылі ў ёй Эмімы, народ вялікі, шматлікі і высокі, як [сыны] Анака.
11 Лічылі іх Рэфаімамі, як і [сыноў] Анака. А Мааўляне называюць іх Эмімамі.
12 А ў Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх, і вынішчылі іх перад абліччам сваім, і пасяліліся на месцы іхнім, як зрабіў Ізраіль у зямлі спадчыны сваёй, якую даў яму ГОСПАД.
13 “Цяпер уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд”. І перайшлі мы ручай Зарэд.
14 А дзён, калі мы ішлі з Кадэш-Барнэа да ручая Зарэд, было трыццаць восем гадоў, аж пакуль не згінула ў табары ўсё тое пакаленьне ваяроў, як ім гэта запрысяг ГОСПАД.
15 Таксама рука ГОСПАДА была супраць іх, каб зьнішчыць іх у табары, аж пакуль яны не загінулі.
16 І сталася, калі згінулі ўсе ваяры, паміраючы сярод народу,
17 прамовіў да мяне ГОСПАД, кажучы:
18 “Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Мааву,
19 і наблізішся да сыноў Амона. Не чапай іх і не пачынай вайны з імі, бо Я ня дам табе нічога ў валоданьне з зямлі сыноў Амона, бо Я аддаў [зямлю гэтую] ў валоданьне сынам Лота”.
20 Яна лічылася зямлёй Рэфаімаў; раней жылі ў ёй Рэфаімы, а сыны Амона называлі іх Замзумімамі.
21 Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, і зьнішчыў іх ГОСПАД перад абліччам [сыноў Амона], і яны пасяліліся на месцы іхнім.
22 Таксама зрабіў ГОСПАД сынам Эзава, якія жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, і яны выгналі іх, і самі жывуць на месцы іхнім аж да гэтага дня.
23 І Авімаў, што жылі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, якія выйшлі з Кафтору, і пасяліліся на месцы іхнім.
24 “Уставайце, рушце ў дарогу, і пераходзьце ручай Арнон. Вось, Я аддаў у рукі твае Сыгона, валадара Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць зямлю ягоную, і пачынай вайну супраць яго.
25 Сёньня Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.
26 І паслаў я пасланцоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, валадара Хешбону, са словамі мірнымі, кажучы:
27 “Дазволь мне прайсьці праз зямлю тваю. Я пайду гасьцінцам, ня збочу ані ўправа, ані ўлева.
28 Жыўнасьць продай мне за срэбра, каб я мог есьці. Таксама ваду продай мне за срэбра, каб я мог піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,
29 як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і Мааўляне, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам ГОСПАД, Бог наш”.
30 Але Сыгон, валадар Хешбону, не захацеў дазволіць нам прайсьці праз зямлю ягоную, бо ГОСПАД, Бог наш, закамяніў дух ягоны і сэрца ягонае зрабіў цьвёрдым, каб аддаць яго ў рукі твае, як гэта [сталася] сёньня.
31 І сказаў ГОСПАД мне: “Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай, авалодвай, каб успадкаеміць зямлю ягоную”.
32 І выйшаў супраць нас Сыгон, ён і ўвесь народ ягоны, на вайну ў Ягац.
33 І выдаў яго нам ГОСПАД, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.
34 У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі закляцьце на кожны горад, на мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей, нікога з іх не пакінулі,
35 акрамя жывёлы, якую ўзялі сабе, і здабычы з гарадоў, занятых намі.
36 Ад Араэру, які на беразе ручая Арнон, і ад гораду ў даліне аж да Гілеаду не было для нас гораду, які быў мацнейшы за нас; усё аддаў нам ГОСПАД, Бог наш.
37 Толькі да зямлі сыноў Амона ты не набліжаўся, і да мясцовасьцяў вакол ручая Ябок, да гарадоў у гарах, і ўсё [было], як загадаў ГОСПАД, Бог наш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 2 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.