Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 27 Другазаконьне 27 раздзел

1 І загадаў Майсей і старшыні Ізраіля народу, кажучы: «Захавайце ўсе прыказаньні, які я вам загадваю сёньня.
2 І станецца ў дзень, калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, пастаў вялікія камяні, і абмаж іх вапнай,
3 і напішы на іх усе словы Закону гэтага, калі ты пяройдзеш [Ярдан], каб увайсьці ў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якая ацякае малаком і мёдам, як прамовіў да цябе ГОСПАД, Бог бацькоў тваіх.
4 І станецца, калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я загадваю вам сёньня, на гары Эваль і абмажце іх вапнай.
5 І пабудуеш там ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвярнік з камянёў, якіх не кранула жалеза,
6 З камянёў нячэсаных пабудуеш ахвярнік ГОСПАДУ, Богу твайму, і складзеш на ім цэласпаленьні ГОСПАДУ, Богу твайму.
7 І складзеш ахвяру мірную, і будзеш есьці там, і радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
8 І напішы на камянях усе словы Закону гэтага выразна і добра».
9 І прамовілі Майсей і сьвятары лявіты да ўсяго Ізраіля, кажучы: «Маўчы і слухай, Ізраіль. У дзень сёньняшні ты стаўся народам ГОСПАДА, Бога твайго.
10 Будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і выконваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня».
11 У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
12 «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраслаўляць народ, Сымон, Левій, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.
13 А на гары Эваль для праклінаньня будуць стаяць Рубэн, Гад, Асэр, Завулён, Дан і Нэфталі.
14 І адкажуць лявіты, і будуць казаць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраіля:
15 “Пракляты чалавек, які зробіць выяву рэзьбленую або літую, брыдоту перад ГОСПАДАМ, твор рук рамесьніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І адкажа ўвесь народ, і скажа: “Амэн”.
16 “Пракляты той, хто зьневажае бацьку свайго і маці сваю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
17 “Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
18 “Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
19 “Пракляты той, хто перакручвае суд прыхадню, сіраце і ўдаве”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
20 “Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрыў плашч бацькі свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
21 “Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
22 “Пракляты той, хто лажыцца з сястрой сваёй, з дачкой бацькі свайго або дачкой маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
23 “Пракляты той, хто лажыцца з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: ”Амэн”.
24 “Пракляты той, хто таемна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
25 “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб забіць душу і [праліць] кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
26 “Пракляты той, хто не трымаецца словаў Закону гэтага, і не выконвае іх”. І ўвесь народ скажа: “Амэн”.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 27 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.