Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 7 Другазаконьне 7 раздзел

1 Калі ГОСПАД, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, у якую ідзеш, каб завалодаць ёю, Ён выганіць перад табой шматлікія народы, Хетаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, сем народаў, большых і дужэйшых за цябе.
2 ГОСПАД, Бог твой, аддасьць іх табе, і ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх закляцьце, і не заключыш з імі запавет, і ня зьлітуешся над імі.
3 Ня будзеш з імі мець сужонстваў; сынам іхнім не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,
4 бо яны адцягнуць сыноў тваіх ад Мяне, каб служыць багам чужым. І ўзгарыцца гнеў ГОСПАДА на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.
5 Але так маеце зрабіць з імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іхнія скрышыце, астартаў іхніх пасячыце, а статуі спаліце агнём.
6 Бо ты — народ, пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу твайму. Цябе выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб быў ты выбраным народам Ягоным з усіх народаў, якія жывуць на абліччы зямлі.
7 ГОСПАД выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам усе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,
8 але таму, што ГОСПАД любіць вас і захаваў прысягу, якою прысягнуў бацькам вашым, і Ён вывеў вас рукою моцнаю, і вызваліў вас з дому няволі, з рукі фараона, валадара Эгіпецкага.
9 І ведай, што ГОСПАД, Бог твой, ёсьць Бог, Бог верны, Які захоўвае запавет і міласэрнасьць тым, якія любяць Яго, і тым, якія захоўваюць прыказаньні Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,
10 і аднагароджвае тым, якія ненавідзяць Яго, так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна адплочвае тым, якія ненавідзяць Яго.
11 Дык захоўвай прыказаньні, пастановы і прысуды, якія я сёньня загадваю табе, каб ты выконваў.
12 Калі вы будзеце слухаць прысуды гэтыя, і захоўваць іх, і выконваць іх, ГОСПАД, Бог твой, захавае для цябе запавет і міласэрнасьць, якія запрысяг бацькам тваім,
13 і будзе любіць цябе, і дабраславіць цябе, і памножыць, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, збор вінаграду твайго і алею твайго, і нараджэньне быдла твайго, прыплод авечак тваіх у зямлі, якую запрысяг бацькам тваім, што дасьць табе.
14 Дабраслаўлёны ты будзеш больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў жывёлы тваёй.
15 Ухіліць ад цябе ГОСПАД усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не спашле на цябе, але дасьць іх тым, якія ненавідзяць цябе.
16 Ты выгубіш усе народы, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой. Няхай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзеш служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе пасткаю.
17 Калі скажаш у сэрцы тваім: “Народы гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць”,
18 ня бойся іх, але памятай, што зрабіў ГОСПАД, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам;
19 вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, і руку моцную, і рамяно ўзьнятае, якімі вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой. Так зробіць ГОСПАД, Бог твой, усім народам, якіх ты баішся.
20 І спашле на іх ГОСПАД, Бог твой, шэршанёў, пакуль не загінуць тыя, што засталіся, якія схаваліся перад абліччам тваім.
21 Ня бойся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, пасярод цябе, Бог вялікі і страшны.
22 ГОСПАД, Бог твой, будзе прыбіраць народы гэтыя перад табою памалу. Ня зьнішчыць іх хутка, каб не памножыліся супраць цябе зьвяры палявыя.
23 І аддасьць іх табе ГОСПАД, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль ня будуць вынішчаныя.
24 У рукі твае аддасьць Ён валадароў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто [з іх] не ўстаіць перад абліччам тваім, пакуль ня выгубіш іх.
25 Выявы багоў іхніх спаліш агнём. Не пажадай срэбра і золата, якое на іх, і не бяры сабе, каб яно не зьвяло цябе, бо гэта брыдота для ГОСПАДА, Бога твайго.
26 Ніякай брыдоты не ўнясеш у дом твой, і ня будзеш ты закляцьцем, як яно. Пагарджаючы, будзеш пагарджаць і, брдзячыся, будзеш брыдзіцца гэтым, бо яно заклятае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 7 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.