Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 25 Другазаконьне 25 раздзел

1 Калі будзе спрэчка паміж людзьмі, няхай яны стануць перад судом, і судзяць іх, і праведнага прызнаюць нявінным, а вінаватага пакараюць.
2 Калі вінаваты будзе варты, каб яго білі, няхай паложаць яго [на зямлю] і будуць біць яго перад абліччам судзьдзі, адпаведна правіны ягонай лічачы [ўдары].
3 Сорак удараў можа ён атрымаць, і нельга дадаваць [больш], каб біцьцё не было па-над меру, і ня быў зьнявечаны брат твой перад вачыма тваімі.
4 Не завязвай пысы валу, які малоціць.
5 Калі браты жывуць сумесна і адзін з іх памрэ, і ня будзе мець сына, ня выйдзе жонка памёршага замуж за мужа іншага, але швагер ейны прыйдзе да яе і возьме яе за жонку сабе, і будзе жыць з ёю.
6 І станецца, што сыну першароднаму, якога яна народзіць, дадуць імя памёршага брата, і не загіне імя ягонае ў Ізраілі.
7 А калі той мужчына не захоча узяць братавай сваёй за жонку, пойдзе братавая ў браму [гораду] да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраілі, ня хоча жыць са мною”.
8 І старшыні гораду ягонага паклічуць яго і запытаюцца ў яго. І калі ён адмовіцца і скажа: “Не хачу яе ўзяць за жонку”,
9 тады братавая падыйдзе да яго на вачах старшыняў і здыме сандал ягоны з нагі ягонай, і плюне яму ў твар, і адкажа, і скажа: “Так робяць з чалавекам, які ня хоча адбудаваць дом брата свайго”.
10 І будзе названа імя ягонае ў Ізраілі: “Дом разутага”.
11 Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, і наблізіцца жонка аднаго з іх, каб вырваць мужа з рук таго, хто б’е, і выцягне руку сваю, і схопіць яго за сорам ягоны,
12 адрэжаш ёй далонь, няхай не шкадуе яе вока тваё.
13 Няхай ня будзе ў торбе тваёй камянёў вагавых большых і меншых.
14 Няхай ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
15 Камень вагавы няхай будзе праведны і дакладны; і эфа няхай будзе ў цябе дакладная і праведная, каб доўгія былі дні твае на зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой.
16 Бо брыдзіцца ГОСПАД, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто чыніць беззаконьне.
17 Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.
18 Ён сустрэў цябе на шляху і забіў сярод цябе ўсіх змучаных у апошніх шэрагах тваіх, а ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.
19 Калі ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, якія вакол цябе, у зямлі, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, каб ты авалодаў ёю, ты сатрэш памяць пра Амалека пад небам. Не забудзься [пра гэта].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 25 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.