Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 12 Другазаконьне 12 раздзел

1 Гэта пастановы і прысуды, якія вы будзеце захоўваць і выконваць у зямлі, якую ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, даў вам, каб валодалі ёю ў-ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.
2 Зьнішчэньнем зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы авалодаеце, служылі багам сваім на гарах высокіх, на ўзгорках і пад кожным дрэвам зялёным.
3 Зруйнуйце ахвярнікі іхнія, скрышыце слупы іхнія, агнём спаліце астартаў іхніх, і паразьбівайце выявы багоў іхніх, і сатрыце імёны іхнія з месца гэтага.
4 Не рабіце так ГОСПАДУ, Богу вашаму,
5 але месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, з усіх каленаў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і ў ім жыць, будзеце шукаць, і туды прыходзіць,
6 і туды будзеце прыносіць цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя і дары рук вашых, і шлюбаваньні вашыя, і дабраахвотныя ахвяры вашыя, і першародных валоў вашых і авечак вашых.
7 Там, перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, будзеце есьці вы і дамы вашыя і будзеце радавацца з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вас ГОСПАД, Бог ваш.
8 Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сёньня, калі кожны [робіць] усё, што слушнае ў вачах ягоных,
9 бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супачынку і да ўласнасьці, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш.
10 І вы пяройдзеце Ярдан, і абжывіцёся ў зямлі, якую дае вам ГОСПАД, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал і жылі ў бясьпецы.
11 І будзе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, каб у ім жыло імя Ягонае. Туды прыносьце ўсё, што я загадваю вам: цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя, дары рук вашых і ўсе шлюбаваньні вашыя, якія вы абяцалі для ГОСПАДА.
12 І будзеце радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога вашага, вы, і сыны вашыя, і дочкі вашыя, слугі вашыя і служкі вашыя, і лявіт, які ў брамах вашых, бо ня мае ён ані часткі, ані спадчыны паміж вамі.
13 Сьцеражыцеся, каб не складаць цэласпаленьняў тваіх на кожным месцы, якое ўбачыш.
14 Але на тое месца, якое выбраў ГОСПАД у адным з каленаў тваіх, занясеш усе ахвяры твае і зробіш усё, што я загадваю табе.
15 Але колькі зажадае душа твая будзеш забіваць [жывёлу] і есьці мяса паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе ў-ва ўсіх брамах тваіх; чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя.
16 Толькі крыві ня будзеш есьці; выльеш яе на зямлю, як ваду.
17 Ня будзеш есьці ў брамах тваіх дзесяціны збожжа твайго, віна твайго і алею твайго, першародных валоў тваіх і авечак тваіх, усяго шлюбаваньня твайго, якое ты абяцаў ГОСПАДУ, Богу твайму, ахвяраў дабраахвотных і дароў з рукі тваёй.
18 Але толькі перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, будзеш есьці іх ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх; і будзеш радавацца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, з усяго, што здабыла рука твая.
19 Сьцеражыся, каб не пакінуў ты лявіта ў-ва ўсе дні твае на зямлі тваёй.
20 Калі пашырыць ГОСПАД, Бог твой, межы твае, як Ён сказаў табе, і ты скажаш: "Хачу есьці мяса", калі зажадае душа твая есьці мяса, паводле прагненьня душы тваёй еш мяса.
21 Калі месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там зьмясьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, тады забі вала твайго і авечку тваю, якіх даў табе ГОСПАД, як я загадаў табе, і еш у брамах тваіх паводле прагненьня душы тваёй.
22 Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; чысты, і нячысты нароўні могуць гэта есьці.
23 Толькі будзь моцны, каб ня еў ты крыві; бо кроў ёсьць душа, і ты ня будзеш есьці душу разам з мясам.
24 Ня будзеш есьці яе, але вылі яе на зямлю, як ваду.
25 Ня будзеш есьці яе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе, калі будзеш рабіць тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА.
26 Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў ГОСПАДУ, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў ГОСПАД.
27 І ахвяруеш цэласпаленьні твае, мяса і кроў, на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго; і кроў ахвяраў тваіх выльеш на ахвярніку ГОСПАДА, Бога твайго, а мяса зьясі.
28 Захоўвай і слухай усе словы гэтыя, якія я загадваю табе, каб было добра табе і сынам тваім пасьля цябе на вякі, калі будзеш рабіць тое, што добрае і што слушнае ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.
29 Калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць перад табою народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на зямлі іхняй,
30 сьцеражыся, каб не патрапіць у пастку з імі, калі яны будуць выгубленыя перад табою, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: “Як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я буду служыць ім”.
31 Не рабі гэтак ГОСПАДУ, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца ГОСПАД і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сыноў сваіх і дачок сваіх у агні палілі для багоў сваіх.
31 Усе словы, якія я загадваю вам, захоўвайце і выконвайце. Не дадавайце да іх і не адымайце ад іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 12 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.