Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 17 Другазаконьне 17 раздзел

1 Не складай у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку і вала, якія маюць загану або нейкі недахоп, бо брыдзіцца гэтым ГОСПАД, Бог твой.
2 Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адной з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго, і парушаць запавет Ягоны,
3 і пойдуць, і будуць служыць багам чужым, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, што я забараніў табе,
4 і пра гэта паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш, і вось, гэта праўда, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраілі.
5 Тады завядзеш таго мужчыну або жанчыну, якія дапусьціліся такой ліхой рэчы, да брамаў тваіх і ўкамянуеш іх камянямі, і яны памруць.
6 Паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў [вінаваты] сьмерцю памрэ; не памрэ паводле [словаў] з вуснаў аднаго сьведкі.
7 Рука сьведкаў будзе першай супраць яго, каб забіць [вінаватага], а потым рука ўсяго народу, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
8 Калі цяжкая будзе для цябе справа суду паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, паміж бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя словы ў брамах тваіх, устань і пайдзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
9 і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў гэтыя дні, і спытайся ў іх, і яны паведамяць табе, слова прысуду.
10 І зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, і намагайся, каб выканаць усё так, як яны навучаць цябе.
11 Паводле [слова] з вуснаў закону, якім яны навучаць, і паводле прысуду, які табе скажуць, зробіш. Не адхіляйся ад слова, якое паведамілі табе ані ўправа, ані ўлева.
12 А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.
13 І ўвесь народ, чуючы [гэта], будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
14 Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як усе народы, якія вакол мяне”,
15 пастаўляючы, паставіш над сабой валадара, якога ГОСПАД, Бог твой, выбярэ спасярод братоў тваіх. Ня можаш паставіць над сабой чужынца, які ня брат твой.
16 Толькі няхай не памнажае ён сабе коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо ГОСПАД сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.
17 І няхай ён не памнажае жонак сваіх, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і няхай не памнажае срэбра і золата.
18 Калі сядзе ён на пасадзе валадарства свайго, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс Закону гэтага з [кнігі], якая ў сьвятароў лявітаў,
19 і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца ГОСПАДА, Бога свайго, і захоўваць усе словы Закону гэтага, і пастановы гэтыя выконваць,
20 каб не вывышалася сэрца ягонае па-над братамі ягонымі, і каб не адхіляўся ён ад прыказаньняў ані ўправа, ані ўлева, каб доўгімі былі дні валадарства ягонага і сыноў ягоных у Ізраілі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 17 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.