Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 30 Другазаконьне 30 раздзел

1 І станецца, што прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя дабраславенства і праклёну, якія я абвясьціў перад абліччам тваім, і ты возьмеш іх у сэрца сваё сярод усіх народаў, да якіх выгнаў цябе ГОСПАД, Бог твой.
2 І ты вернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, і будзеш слухаць голас Ягоны ў-ва ўсім, што я сёньня загадваю табе, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй.
3 І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбярэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.
4 Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе ГОСПАД, Бог твой, і зграмадзіць цябе.
5 І ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую мелі бацькі твае, і возьмеш яе на ўласнасьць і Ён дасьць дабрабыт табе, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
6 І абрэжа ГОСПАД, Бог твой, сэрца тваё і сэрца насеньня твайго, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй, каб ты жыў.
7 І зьверне ГОСПАД, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і перасьледуюць цябе.
8 А ты навернешся, і будзеш слухаць голас ГОСПАДА, і будзеш выконваць усе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.
9 І ГОСПАД, Бог твой, дасьць табе посьпех у-ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ў плодзе зямлі тваёй табе на дабро. Бо вернецца ГОСПАД, каб цешыцца з цябе, [даючы] даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
10 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўваць прыказаньні Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія запісаныя ў кнізе Закону гэтага, і калі навернешся да ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
11 Бо прыказаньне гэтае, якое я загадваю табе сёньня даю, не зацяжкае для цябе і не далёкае [ад цябе].
12 Ня ў небе яно, каб ты казаў: “Хто ўзыйдзе ў неба і прынясе яго нам, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”
13 І не за морам яно, каб ты казаў: “Хто пераплыве мора і прынясе яго да нас, каб мы маглі пачуць яго і выканаць яго?”
14 Але вельмі блізка да цябе слова гэтае, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб ты мог выканаць яго.
15 Глядзі, я кладу сёньня перад абліччам тваім жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.
16 Бо я загадваю табе сёньня, каб любіў ты ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Ягонымі, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, будзеш жыць, і памножышся, і будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
17 А калі адвернецца сэрца тваё і ня будзеш слухаць [Госпада], і будзеш зьведзены, і будзеш пакланяцца багам чужым, і будзеш ім служыць,
18 я паведамляю вам сёньня, што, гінучы, вы загінеце і ня будуць доўгія дні [вашыя] ў зямлі, у якую ты пераходзіш праз Ярдан і ідзеш туды, каб атрымаць яе на ўласнасьць.
19 За сьведкаў супраць вас сёньня клічу неба і зямлю, што я кладу перад абліччам тваім жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,
20 і любі ГОСПАДА, Бога твайго, і слухай голас Ягоны, і туліся да Яго, бо Ён — жыцьцё тваё і доўгасьць дзён тваіх, каб ты жыў на зямлі, якую абяцаў ГОСПАД бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасьць ім яе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 30 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.