Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 10 Другазаконьне 10 раздзел

1 У гэты час сказаў мне ГОСПАД: “Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару, і зрабі таксама каўчэг з дрэва.
2 Я напішу на табліцах словы, якія былі на першых табліцах, якія ты разьбіў, і ты ўложыш іх у каўчэг”.
3 І я зрабіў каўчэг з дрэва акацыі, і вычасаў дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, [маючы] ў руках дзьве табліцы.
4 І напісаў [Госпад] на табліцах падобна, як раней напісаў, Дзесяць Словаў, якія прамовіў ГОСПАД на гары з сярэдзіны агню ў дзень супольнага сходу. І даў мне іх ГОСПАД.
5 І я разьвярнуўся, і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і яны засталіся там, як мне загадаў ГОСПАД.
6 А сыны Ізраіля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр Аарон і быў пахаваны, а Элеазар, сын ягоны, стаў сьвятаром замест яго.
7 Адтуль мы прыйшлі ў Гудгоду, а з Гудгоды — у Ётбату, у зямлю ручаёў водных.
8 У гэты час ГОСПАД аддзяліў калена Левія, каб яны насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб стаялі перад абліччам ГОСПАДА і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень.
9 Дзеля таго Левій ня мае часткі [зямлі], ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына ягоная — ГОСПАД, як прамовіў да яго ГОСПАД, Бог твой.
10 І я стаяў на гары, як у ранейшыя дні, сорак дзён і сорак начэй, і таксама ў гэты раз выслухаў мяне ГОСПАД, і не захацеў ГОСПАД выгубіць цябе.
11 І сказаў ГОСПАД мне: “Устань, ідзі і ачольвай народ, каб яны пайшлі і завалодалі зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”.
12 І цяпер, Ізраіль, чаго жадае ад цябе ГОСПАД, Бог твой? Каб ты баяўся ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзіў усімі шляхамі Ягонымі, любіў Яго і служыў ГОСПАДУ, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
13 каб выконваў ты прыказаньні ГОСПАДА і пастановы Ягоныя, якія я сёньня загадваю табе, каб добра [было] табе.
14 Вось, ГОСПАДУ, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
15 Толькі да бацькоў тваіх прыхінуўся ГОСПАД і палюбіў іх, і выбраў насеньне іхняе пасьля іх, выбраў вас з усіх народаў, як [гэта ёсьць] сёньня.
16 Дык абрэжце скуравінку сэрца вашага і не рабіце больш цьвёрдым карку вашага,
17 бо ГОСПАД, Бог ваш, — Бог багоў і Госпад гаспадароў, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць на аблічча, і не бярэ падарункі.
18 Ён дае суд сіраце і ўдаве, і любіць прыхадня, даючы яму хлеб і адзеньне.
19 І вы любіце прыхадня, бо і вы былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.
20 ГОСПАДА, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.
21 Ён — хвала твая і Бог твой, Ён учыніў дзеля цябе вялікія і жудасныя [рэчы], якія бачылі вочы твае.
22 [Маючы] семдзясят душаў, зыйшлі бацькі твае ў Эгіпет, а цяпер памножыў цябе ГОСПАД, Бог твой, як зоркі ў небе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 10 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.