Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 13 Другазаконьне 13 раздзел

1 Калі паўстане сярод цябе прарок або той, які сьніць сны, і пакажа табе знак або цуд.
2 і споўніцца той знак або цуд, які ён прадказаў, і скажа [той прарок]: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”,
3 ня слухай словаў такога прарока або таго, які сьніць сны, бо выспрабоўвае вас ГОСПАД, Бог ваш, каб даведацца, ці ты любіш ГОСПАДА, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
4 За ГОСПАДАМ, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і прыказаньні Ягоныя выконвайце, і слухайцеся голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.
5 А прарок той або той, які сьніць сны, няхай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад ГОСПАДА, Бога вашага, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з таго шляху, які табе загадаў ГОСПАД, Бог твой, каб ісьці па ім. І выкараніш зло з асяродзьдзя твайго.
6 Калі будзе намаўляць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка твая, або жонка ўлоньня твайго, або сябра твой, якога [любіш], як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, якіх ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,
7 багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх да цябе ці далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога канца зямлі,
8 ня слухай яго і не згаджайся з ім, і няхай ня літуецца вока тваё над ім, ня мей шкадаваньня, і не хавай [злачынства] ягонага,
9 але, забіваючы, забі яго. Рука твая няхай будзе першай, каб забіць яго, а рука ўсяго народу — пасьля [цябе].
10 Укамянуй яго камянямі, і ён памрэ, бо ён хацеў адцягнуць цябе ад ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
11 І ўвесь Ізраіль пачуе гэта, і будзе баяцца, і кіне рабіць гэткія рэчы, ліхоту ў асяродзьдзі тваім.
12 Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія ГОСПАД, Бог твой, дае табе на пражываньне, як нехта кажа:
13 “Выйшлі з асяродзьдзя твайго людзі, сыны Бэліяла, і яны зводзяць жыхароў гораду свайго, кажучы: "Хадзем і будзем служыць багам чужым, якіх ня ведаеце"”, —
14 тады распытай, і дасьледуй, і добра правер. І вось, праўду гаворыць слова гэтае і такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім.
15 Тады, забіваючы, забі вострывам мяча жыхароў гораду гэтага і аддай закляцьцю яго і ўсё, што ў ім; і жывёлу ягоную [заб’еш] вострывам мяча.
16 А ўсю здабычу з яго зьбяры на сярэдзіну плошчы і спалі агнём горад і ўсю здабычы дашчэнту для ГОСПАДА, Бога твайго, і будзе ён у руінах на вякі, і не адбудуецца болей.
17 І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з заклятага, каб ГОСПАД адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зьявіў табе літасьць, і зьлітаваўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,
18 калі будзеш слухаць голас ГОСПАДА, Бога твайго, захоўваючы ўсе прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня, і робячы тое, што слушна ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 13 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.