Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 31 Другазаконьне 31 раздзел

1 І пайшоў Майсей, і прамовіў гэтыя словы да ўсяго Ізраіля,
2 і сказаў ім: «Я маю сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, і ГОСПАД сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
3 ГОСПАД, Бог твой, Сам пяройдзе перад абліччам тваім. Ён зьнішчыць народы гэтыя перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Егошуа пойдзе перад абліччам тваім, як прамовіў ГОСПАД.
4 І зробіць ім ГОСПАД, як зрабіў Сыгону і Огу, валадарам Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.
5 І выдасьць ГОСПАД іх вам, і зробіце вы з імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.
6 Будзьце цьвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо ГОСПАД, Бог твой, ідзе з табою, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе».
7 І паклікаў Майсей Егошуа, і сказаў яму на вачах усяго Ізраіля: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам іхнім даць яе, і ты яе аддасі ў спадчыну ім.
8 А ГОСПАД, Які ідзе перад абліччам тваім, Ён Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе. Ня бойся і не трывожся».
9 І напісаў Майсей Закон гэты, і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і ўсім старшыням Ізраіля.
10 І загадаў ім Майсей, кажучы: “Калі пройдзе сем гадоў, у год дараваньня [даўгоў], у сьвята Намётаў,
11 калі ўвесь Ізраіль прыйдзе, каб зьявіцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў, перачытаеш словы Закону гэтага ўголас перад усім Ізраілем у вушы іхнія.
12 Зьбяры народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і прыхадняў тваіх, якія ў брамах тваіх, каб яны пачулі і навучыліся баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, і захоўвалі, і выконвалі ўсе словы Закону гэтага.
13 А сыны іхнія, якія яшчэ ня ведаюць [гэтага], няхай слухаюць і вучацца баяцца ГОСПАДА, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць».
14 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Егошуа і станьце ў Намёце Спатканьня, і Я дам яму загады». І пайшлі Майсей і Егошуа, і сталі ў Намёце Спатканьня.
15 І ГОСПАД зьявіўся ў Намёце ў слупе воблачным, і стаяў слуп воблачны каля ўваходу ў Намёт.
16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, ты засьнеш з бацькамі тваімі, а народ гэты паўстане, і будзе чужаложыць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакіне ён Мяне, і парушыць запавет Мой, які Я заключыў з ім.
17 І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і Я пакіну іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу. І прыйдуць на яго шматлікія нягоды і ўціскі, і ён скажа ў той дзень: “Ці ж не за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя нягоды на мяне”.
18 І Я, хаваючы, схаваю аблічча Маё ў той дзень з прычыны ўсёй ліхоты, якую ён учыніў, бо ён павярнуўся да багоў чужых.
19 І цяпер запішыце сабе гэты сьпеў. Навучы яму сыноў Ізраіля, укладзі яго ў вусны іхнія, каб гэты сьпеў быў для Мяне сьведкам супраць сыноў Ізраіля.
20 Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам ягоным, якая ацякае малаком і мёдам. І будзе ён есьці, і насыціцца, і ў сытасьці павернецца да багоў чужых, і будзе служыць ім, а Мною пагардзіць і разарве запавет Мой.
21 І станецца, калі дакрануцца яго шматлікія нягоды і ўціскі, сьпеў гэты будзе сьведкам перад абліччам ягоным, бо вусны нашчадкаў ягоных не забудуцца яго. Бо Я ведаю намеры ягоныя, паводле якіх ён робіць сёньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў [яму]».
22 І запісаў Майсей сьпеў гэты ў той дзень, і навучыў яму сыноў Ізраіля.
23 І загадаў ГОСПАД Егошуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь цьвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраіля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, і Я буду з табою».
24 І сталася, калі Майсей скончыў пісаць словы Закону гэтага ў кнізе,
25 загадаў Майсей лявітам, якія насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, кажучы:
26 «Вазьміце кнігу Закону гэтага і палажыце яе побач Каўчэгу Запавету ГОСПАДА, Бога вашага, і будзе яна сьведкам супраць цябе.
27 Бо я ведаю непаслухмянасьць тваю і цьвёрды карак твой. Вось, сёньня, калі я жыву з вамі, вы былі непаслухмяныя ГОСПАДУ. А што будзе пасьля сьмерці маёй?
28 Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў каленаў вашых, і начальнікаў вашых, і я прамоўлю ў вушы іхнія словы гэтыя і паклічу супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.
29 Бо я ведаю, што пасьля сьмерці маёй вы будзеце сапсаваныя і зьвернеце са шляху, які я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія дні няшчасьці, бо вы будзеце рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА і разгневаеце Яго справамі рук вашых».
30 І прамовіў Майсей у вушы ўсёй царквы Ізраіля словы сьпеву гэтага аж да канца:
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 31 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.