Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 32 Другазаконьне 32 раздзел

1 «Прыхіліце вушы, нябёсы, і я прамоўлю! І няхай чуе зямля словы вуснаў маіх!
2 Няхай кроплямі падае, як дождж, вучэньне маё, няхай сьцякае, як раса, мова мая, як імжа на зеляніну, як залева на траву.
3 Бо я буду клікаць імя ГОСПАДА! Давайце ўзьвялічым Бога нашага!
4 [Ён] — Скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Ягоныя справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім хлусьні, Ён — праведны і справядлівы.
5 Яны сапсаваліся, яны ня ёсьць сынамі Ягонымі з прычыны заганаў сваіх, пакаленьне падступнае і крывадушнае.
6 Ці ж так адплачваеце вы ГОСПАДУ, народзе бязглузды і бяз мудрасьці? Ці ж ня Ён —Бацька твой? Ён набыў цябе і ўчыніў, і ўмацаваў.
7 Памятай пра дні старадаўнія, разважай пра гады пакаленьняў [мінулых]; спытайся бацьку твайго, і ён паведаміць табе, [спытайся] старшыняў тваіх, і яны раскажуць табе.
8 Калі Найвышэйшы даваў спадчыну народам, калі разьдзяляў сыноў чалавечых, Ён вызначыў межы народам паводле ліку сыноў Ізраіля.
9 Уласнасьць ГОСПАДА — народ Ягоны. Якуб — абшар спадчыны Ягонай.
10 Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у [зямлі] пустой і бязьлюднай, дзе выюць [шакалы]. Ён асланяў яго, даглядаў яго і захоўваў яго, як зрэнку вока Свайго.
11 Як арол узрушвае гняздо сваё і кружляе над птушанятамі сваімі, раскінуўшы крылы свае, бярэ іх і нясе на крылах сваіх,
12 так ГОСПАД Сам вёў яго, і не было з ім бога чужога.
13 І Ён паставіў яго на высокай зямлі, каб ён спажываў плады палёў, і Ён карміў яго мёдам са скалы і алеем з цьвёрдага камяня,
14 маслам кароваў і малаком авечак, тлушчам ягнятаў, і бараноў Башану, і казлоў, і тлушчам нырак, і найчысьцейшай пшаніцай, і ён піў кроў вінаграду.
15 Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.
16 І яны ўзбудзілі рэўнасьць Ягоную [багамі] чужымі, і брыдотамі раззлавалі Яго.
17 Яны складалі ахвяры дэманам, а ня Богу, [пакланяліся] багам, якіх ня ведалі, [багам] новым, якія нядаўна зьявіліся, якім не пакланяліся бацькі іхнія.
18 Скалу, Якая цябе нарадзіла, ты пакінуў, ня памятаў Бога, Які вывеў на сьвет цябе.
19 І ўбачыў [гэта] ГОСПАД, і ўзьненавідзеў [іх], і загневаўся на сыноў Сваіх і дочак Сваіх.
20 І сказаў Ён: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу, які [будзе] канец іхні, бо гэта пакаленьне падступнае, сыны няверныя.
21 Яны ўзбудзілі рэўнасьць Маю тым, што ня [ёсьць] богам, марнасьцямі сваімі раздражнілі Мяне; і Я ўзбуджу рэўнасьць іхнюю тым, што ня [ёсьць] народам, народам дурным раздражню іх.
22 Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшай адхлані, і спаліць зямлю і ўраджай ейны, і спапяліць падваліны гор.
23 Я зьбяру на іх няшчасьці, [пушчу] ў іх стрэлы Мае.
24 Будзе іх марыць голад, паліць трасца і пошасьць лютая, і Я пашлю на іх зубы зьвяроў і атруту тых, што поўзаюць у пыле.
25 На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам з чалавекам сівым.
26 Я сказаў: "Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх".
27 Але Я [спыніў гэта] з прычыны зьнявагаў ворагаў, каб прыгнятальнікі іхнія не вывышаліся і не казалі: "Рука нашая ўзьнятая, а ня ГОСПАД зрабіў усё гэта!"
28 Бо гэта народ бязрадны, і няма ў іх розуму.
29 Калі б яны былі мудрымі, яны б зразумелі гэта і разважалі б пра канец свой!
30 Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх выгнаць дзесяць тысячаў, калі б Скала іхняя не прадала іх [у няволю] і калі б ГОСПАД не пакінуў іх?
31 Бо скала іхняя не такая, як Скала нашая; але ворагі нашыя [будуць] судзьдзямі.
32 Бо вінаград іхні — з вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя, а гронкі [горкія], як палын.
33 Віно іхняе — атрута цмочая і сьмяротная труцізна гадзючая.
34 Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не запячатана ў скарбніцах Маіх?
35 Мне [належыць] помста і Я аднагароджу ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Бо блізка ўжо дзень загубы іхняй і надыходзіць рашэньне [лёсу] іхняга.
36 І будзе судзіць ГОСПАД народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх, калі ўбачыць, што рука іхняя аслабела і што няма ані нявольнікаў, ані вольных.
37 І скажа Ён: “Дзе ж богі іхнія, дзе скала, на якую яны мелі надзею,
38 што елі тлустасьць ахвяраў іхніх, і пілі віно іхніх ахвяраў вадкіх? Няхай устануць і дапамогуць вам, і няхай у бядзе абароняць вас!
39 Паглядзіце цяпер, што Я, Я ёсьць, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і Я аздараўляю, і няма такога, хто можа вырвацца з рукі Маёй.
40 Я падыму да неба руку Маю і скажу: "Жыву вечна!"
41 Калі Я вывастру меч Мой бліскучы і рука Мая выканае прысуд, Я адпомшчу ворагам Маім, і тым, якія ненавідзяць Мяне, Я аднагароджу.
42 Я напаю крывёю стрэлы Мае, і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”
43 Весяліцеся, народы, з народам Ягоным, бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў Сваіх і ўчыніць помсту ворагам Сваім, і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго».
44 І пайшоў Майсей з Егошуа, сынам Нуна, і прамовіў усе словы сьпеву гэтага ў вушы народу.
45 І скончыў Майсей прамаўляць усе словы гэтыя да ўсяго Ізраіля,
46 і сказаў ім: «Зьмясьціце ў сэрцы вашым усе словы, якімі я сёньня папярэджваю вас, і загадайце сынам вашым захоўваць іх, і выконваць усе словы Закону гэтага.
47 Бо слова гэтае не пустое для вас, але гэта жыцьцё вашае; і праз слова гэтае будуць доўгія дні [вашыя] на зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб авалодаць ёю».
48 І ў той самы дзень прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
49 «Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэво, якая ў зямлі Мааў насупраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля на ўласнасьць.
50 А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
51 За тое, што вы дапусьціліся злачынства адносна Мяне між сынамі Ізраіля пры водах Мэрывы каля Кадэшу, у пустыні Сін, за тое, што вы ня выявілі сьвятасьць Маю сярод сыноў Ізраіля,
52 за гэта [толькі] здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш туды, у зямлю, якую Я даю сынам Ізраіля».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 32 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.