Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Другазаконьне 8 Другазаконьне 8 раздзел

1 Усе прыказаньні, якія я загадваю табе сёньня, захоўвайце і выконвайце, каб вы жылі, і памножыліся, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг ГОСПАД бацькам вашым.
2 І памятай увесь шлях, якім вёў цябе ГОСПАД, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш ты захоўваць прыказаньні Ягоныя, ці не.
3 Ён выпрабоўваў цябе голадам і карміў цябе маннай, якой ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб даць зразумець табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным [словам], якое выходзіць з вуснаў ГОСПАДА, будзе жыць чалавек.
4 Адзеньне тваё ня нішчылася на табе, і нага твая ня пухла ўсе гэтыя сорак гадоў.
5 Дык зразумей у сэрцы тваім, што як бацька выхоўвае сына свайго, так ГОСПАД, Бог твой, выхоўваў цябе,
6 і захоўвай прыказаньні ГОСПАДА, Бога твайго, каб хадзіць шляхам Ягоным і мець страх перад Ім.
7 Бо ГОСПАД, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю ручаёў і водаў, рэкаў і крыніцаў, што выбіваюцца ў далінах і на гарах,
8 у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фігавых і гранатовых, у зямлю алівак, алею і мёду,
9 у зямлю, дзе без ніякай нястачы будзеш есьці хлеб і нічога ня будзе бракаваць табе ў ёй; у зямлю, у якой камяні — жалеза, а з гор ейных будзеш здабываць медзь.
10 І будзеш ты есьці, і насыцішся, і будзеш дабраслаўляць ГОСПАДА, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.
11 Сьцеражыся, каб не забыўся ты пра ГОСПАДА, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказаньні Ягоныя, прысуды Ягоныя і пастановы Ягоныя, якія я загадваю табе сёньня.
12 Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх будзеш жыць,
13 і памножыцца быдла тваё і авечкі твае, і памножыцца ў цябе срэбра і золата, і памножыцца ўсё, што ты маеш,
14 тады ўзганарыцца сэрца тваё і ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
15 Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі атрутныя зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. Ён вывеў табе ваду са скалы цьвёрдай,
16 Ён карміў цябе ў пустыні маннай, якой ня ведалі бацькі твае, каб цябе загартаваць і выспрабаваць цябе, каб даць табе добрае ў будучыні тваёй.
17 І не кажы ў сэрцы тваім: “Сіла мая і моц рукі маёй учынілі ўсё гэтае багацьце для мяне”,
18 але памятай ГОСПАДА, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб ты здабыў багацьце, што Ён споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як [гэта ёсьць] сёньня.
19 А калі забываючыся, ты забудзешся пра ГОСПАДА, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і будзеш пакланяцца ім, я папярэджваю вас сёньня, што гінучы, загінеце.
20 Як тыя народы, якія ГОСПАД зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА, Бога вашага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Другазаконьне, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.