Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 22 Другі закон 22 раздзел

1 Калі ўбачыш вала брата твайго альбо авечку ягоную, што заблудзілася, не пакідай іх, а вярні іх брату твайму;
2 калі ж няблізка да цябе будзе брат твой, альбо ты ня ведаеш яго, дык прыбяры іх у двор свой, і няхай яны будуць у цябе, пакуль брат твой не пачне шукаць іх, і тады вярні іх яму;
3 так рабі і з аслом ягоным, так рабі і з вопраткаю ягонай, так рабі і з усякай згубленай рэччу брата твайго, якая будзе ім згублена і якую ты знойдзеш: нельга табе ўхіляцца ад гэтага.
4 Калі ўбачыш асла брата твайго альбо вала ягонага, якія ўпалі на дарозе, не пакідай іх, а падымі іх зь ім разам.
5 На жанчыне не павінна быць мужчынскай вопраткі, і мужчына не павінен апранацца ў жаночае адзеньне, бо агідны прад Госпадам, Богам тваім, кожны, хто робіць гэта.
6 Калі трапіцца табе на дарозе птушынае гняздо на якім-небудзь дрэве альбо на зямлі, з птушанятамі альбо яйкамі, і маці сядзіць на птушанятах альбо на яйках, дык не бяры маці разам зь дзецьмі:
7 маці пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе было добра, і каб падоўжыліся дні твае.
8 Калі будзеш будаваць новы дом, дык зрабі парэнчы каля даху твайго, каб не навесьці табе крыві на дом твой, калі хто-небудзь упадзе зь яго.
9 Не засявай вінаградніка твайго двума родамі насеньня, каб не закляў ты збору насеньня, якія ты пасееш разам з пладамі вінаградніка.
10 Не ары на вале і асьле разам.
11 Не апранай адзеньня, зробленага з розных рэчываў, з воўны і лёну разам.
12 Зрабі сабе кутасікі на чатырох рагах покрыва твайго, якім ты накрываешся.
13 Калі хто возьме жонку, і ўвойдзе да яе, і ўзьненавідзіць яе,
14 і будзе ўзводзіць на яе заганныя паклёпы, і пусьціць пра яе благія чуткі, і скажа: «я ўзяў гэтую жонку, і ўвайшоў да яе, і не знайшоў у яе дзявоцкасьці»,
15 дык бацька дзяўчыны і маці яе няхай возьмуць і вынесуць знакі дзявоцкасьці дзяўчыны да старэйшынаў горада, да брамы;
16 і бацька дзяўчыны скажа старэйшынам: дачку маю я аддаў за жонку гэтаму чалавеку, і ён зьненавідзеў яе,
17 і вось, ён узводзіць на яе заганныя паклёпы, кажучы: «я не знайшоў у дачкі тваёй дзявоцкасьці»; але вось знакі дзявоцкасьці дачкі маёй. І расьсьцелюць вопратку перад старэйшынамі горада.
18 Тады старэйшыны таго горада няхай возьмуць мужа і пакараюць яго,
19 і накладуць на яго сто сікляў срэбра пені і аддадуць бацьку дзяўчыны за тое, што ён пусьціў благую чутку пра дзяўчыну Ізраільскую; а яна няхай застанецца ягонай жонкай, і ён ня можа разьвесьціся зь ёю праз усё жыцьцё сваё.
20 Калі ж сказана будзе слушна, і ня знойдзецца дзявоцкасьці ў дзяўчыны,
21 дык дзяўчыну няхай прывядуць да дзьвярэй дома бацькі яе, і жыхары горада яе паб’юць яе камянямі да сьмерці, бо яна зрабіла вартае сораму сярод Ізраіля, калі блудадзеяла ў доме ў бацькі свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.
22 Калі знойдзены будзе хто лежачы з жонкаю замужняю, дык трэба аддаць сьмерці абаіх, і мужчыну, які ляжаў з жанчынаю, і жанчыну; і так вынішчы зло зь Ізраіля.
23 Калі будзе маладая дзяўчына заручана з мужам, і хто-небудзь спаткаецца зь ёю ў горадзе і ляжа зь ёю,
24 дык абаіх іх прывядзеце да брамы таго горада і пабеце іх камянямі да сьмерці: дзяўчыну за тое, што яна ня крычала ў горадзе, а мужчыну за тое, што ён зганьбіў жонку блізкага свайго; і так вынішчы зло спасярод сябе.
25 А калі хто ў полі спаткаецца зь дзяўчынай заручанай і, схапіўшы яе, ляжа зь ёю, дык трэба аддаць сьмерці толькі мужчыну, які ляжаў зь ёю,
26 а дзяўчыне нічога не рабі; на дзяўчыне няма злачынства сьмяротнага: бо гэта тое самае, як калі б хто паўстаў на блізкага свайго і забіў яго;
27 бо ён спаткаўся зь ёю ў полі, і хоць дзяўчына заручаная крычала, ня было каму выратаваць яе.
28 Калі хто-небудзь спаткаецца зь дзяўчынаю незаручанаю і схопіць яе і ляжа зь ёю, і засьпеюць іх, —
29 дык той, хто ляжаў зь ёю, павінен даць бацьку дзяўчыны пяцьдзясят сікляў срэбра, а яна няхай будзе яму жонкаю, бо ён зганьбіў яе; праз усё жыцьцё сваё ня можа ён разьвесьціся зь ёю.
30 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адхінаць край вопраткі бацькі свайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 22 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.