Аб'яўленьня 8 глава

Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → В переводе Лутковского

 
 

І як Ён зьняў сёмую пячаць, сталася маўчанка на небе каля паўгадзіны.
 

І я бачыў сямёх ангілаў, што стаялі перад Богам, і дана ім сем трубаў.
 

І прышоў іншы ангіл, і стаў перад аброчнікам, маючы залатую кадзільніцу; і дана яму шмат кадзіла, каб да малітваў усіх сьвятых ён дадаў на залаты аброчнік, што перад пасадам.
 

І ўзьняўся перад Богам дым із кадзіла з малітваю сьвятых із рукі ангілавае.
 

І ўзяў ангіл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём із аброчніка, і кінуў на зямлю: і зьдзеяліся галасы а громы а маланьні і трасеньне зямлі.
 

І сямёх ангілаў, што мелі сем трубаў, прыгатаваліся трубіць.
 

І першы затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмешаныя з крывёй, і былі кінены на зямлю; і трэйцяя часьць зямлі згарэла, і трэйцяя часьць дзерваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
 

І другі ангіл затрубіў, і быццам вялікая гара, агнём палаючая, ськінулася ў мора; і трэйцяя часьць мора стала крывёю,
 

І здохла трэйцяя часьць жывых стварэньняў, каторыя ў мору, і трэйцяя часьць караблёў была зьнішчана.
 

І трэйці ангіл затрубіў, і звалілася зь неба вялікая гвязда, гаручы як лянпа, і пала на трэйцюю часьць рэкаў а на жаролы водаў.
 

А імя тае гвязды Палын; і трэйцяя часьць водаў стала палыном, і шмат ізь людзёў памерла з водаў, бо яны сталі гаркія.
 

І чацьверты ангіл затрубіў, і выцята была трэйцяя часьць сонца, і трэйцяя часьць месяца, і трэйцяя часьць гвездаў, ажно трэйцяя часьць іх зацьмела, і трайціна дня не сьвяціла, таксама й ночы.
 

І бачыў я і чуў аднаго арла, што ляцеў сярод неба й казаў вялікім голасам: «Бяда, бяда, бяда тым, што жывуць на зямлі, ад засталых трубных галасоў трох ангілаў, каторыя будуць трубіць!»
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.