3а І сказаў Мардахэй усім: «Богам зроблена гэта!»
3б Прыпомніў Мардахэй сон, які бачыў, у гэтым сэнсе; і нічога з таго не было марным:
3в «Малая бо крынічка зрабілася ракой, і было святло, і сонца, і надта багатая вада: крыніца і вада — гэта Эстэр, якую цар узяў за жонку і захацеў, каб была царыцай;
3г два ж драконы [гады] — гэта я і Аман;
3д народы, што сабраліся, — гэта тыя, хто паспрабаваў, каб сцерці імя юдэяў;
3дж а народ мой, гэта значыць Ізраэль — гэта тыя, што прызывалі Госпада; і збавіў Госпад народ Свой, і вызваліў нас ад усякіх бед, і чыніў вялікія знакі і дзівы, якія не бываюць сярод плямёнаў.
3дз І ўстанавіў два жэрабі: адзін для народа Божага, і другі для ўсіх плямёнаў.
3е І абодва жэрабі паступілі на вызначаны час і на дзень суда ўсіх народаў перад абліччам Бога.
3ё Бог успомніў пра народ Свой ды прызнаў справядлівасць Сваёй спадчыны.
3ж І будуць захоўвацца тыя дні ў месяцы Адар, у чатырнаццаты і пятнаццаты дзень гэтага месяца, днямі сходу, і радасці, і весялосці перад Богам паводле пакаленняў вашых вечна ў народзе Ізраэля». Заўвага. У чацвёрты год царавання Пталамея і Клеапатры даставіў Дазытэй, які лічыў сябе за святара і левіта, ды Пталамей, сын яго, гэты ліст, адносячыся да Фрурай, які, як кажуць, ёсць верагодны. Пераклаў яго Лісімах, сын Пталамея з Ерузаліма.