Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская, 10 Кніга Святарская, 10 глава

1 Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узялі кожны сваю кадзільніцу і набралі ў іх агня, паклалі на яго кадзіла і ахвяравалі перад Госпадам іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.
2 Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам Госпада.
3 Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: Я аб'яўлю Маю сьвятасьць тым, каторыя набліжаюцца да Мяне, і аб'яўлю хвалу перад усім народам «. Аарон, чуючы гэта, маўчаў.
4 Тады Майсей паклікаў Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх зь Месца Сьвятога за табар».
5 Яны зараз пайшлі і забралі іх, ляжачых у шатах сваіх, і вынесьлі за табар, як ім было загадана Майсеем.
6 Майсей сказаў тады Аарону ды Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: «Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмерцю, ды каб не ўзгарэўся гнеў Госпадаў на ўсю супольнасьць. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля можа плакаць дзеля тых, каторых спаліў Госпад.
7 Вы ж не выходзьце па-за Палатку Сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазаньня Госпада на вас». І яны зрабілі так, як Майсей ім загадаў.
8 І казаў Госпад Аарону:
9 «Калі маеце ісьці ў Палатку Сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны ня піце віна, ані ўсяго таго, што можа п'яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні вашыя,
10 каб умелі адрозьніваць паміж сьвятым і паганым, чыстым і нячыстым,
11 каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказаньням Маім, якія аб'явіў Госпад ім праз Майсея».
12 Вось што сказаў Майсей Аарону і застаўшымся сынам ягоным, Элеазару і Ітамару: «Вазьміце ахвяру зь яды, застаўшуюся ад ахвяраў Госпадавых, і ешце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта сьвятая рэч.
13 Ешце яе ў сьвятым месцы, бо належыцца яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяраў Госпадавых, бо так мне загадана.
14 Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую маеце есьці на чыстым месцы, ты і сыны твае, і дочкі твае з табою; гэта бо пакінута табе і дзецям тваім з ахвяраў прымірэньня сыноў Ізраэля.
15 Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэлапаленьня, каторыя будуць трэсьці перад Госпадам, будуць належаць табе і сынам тваім як вечны закон, як загадаў Госпад».
16 Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і даведаўся, што ён спалены. Дык разгневаўся ён на застаўшыхся сыноў Аарона, Элеазара і Ітамара і сказаў ім:
17 «Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у сьвятым месцы? Гэта ж сьвятая рэч. Яна дадзена вам здымаць грахі з супольнасьці, каб ачысьціць яе перад Госпадам.
18 Вось жа кроў яго ня ўнесена ў Месца Сьвятое. Дык мусілі вы зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне».
19 Аарон адказаў: «Вось складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэлапаленьне перад Госпадам, і такое здарылася. Калі сягоньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта ўспадабае Госпад?»
20 Майсей выслухаў гэта, і спадабалася яму.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 10 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.