Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская, 23 Кніга Святарская, 23 глава

1 Вось што казаў Госпад Майсею:
2 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Гэтыя вось дні сьвятыя ў Госпада, у каторыя вы будзеце склікаць сабраньні сьвятыя; гэтыя вось сьвяты Мае.
3 Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта субота — Госпадава ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
4 Вось сьвяты Госпадавы, сьвятыя сабраньні, каторыя павінны вы сьвяткаваць у свой час.
5 У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.
6 А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасьць Праснакоў на хвалу Госпада. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.
7 У першы дзень будзе ў вас сабраньне сьвятое; ня будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
8 але сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сабраньне сьвятое, ніякай работы ў той дзень ня будзеце рабіць».
9 Пасьля сказаў Госпад Майсею:
10 «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, то прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.
11 Ён патрасе сноп перад Госпадам, каб Ён быў вам спрыяльным; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.
12 Таксама ў той дзень, у якім прынясяце сноп, складзіцё ахвяру цэлапаленьня Госпаду з гадавога ягнёнка без заганы,
13 і ахвяру зь яды з двух дзесятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.
14 Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх месцах прабываньня вашага.
15 Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у каторы прынясецё снапы для патрасаньня, сем поўных тыдняў,
16 аж да дня па сёмай субоце адлічыце пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.
17 Прынясіце з вашых месцаў пражываньня па два хлябы для патрасаньня, кожны з двух дзесятых эфы мукі квашанай, каторыя сьпячыце як пяршыны Госпаду.
18 Апрача хлеба складзіцё ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і два бараны. Яны будуць ахвяраю цэлапаленьня Госпаду разам з ахвяраю зь яды і з вадкай ахвяраю. Будзе гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.
19 Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і два баранчыкі аднагадовыя як ахвяру прымірэньня.
20 Сьвятар патрасе іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума баранчыкамі; будзе гэта сьвятыняй Госпада на ўжытак сьвятара.
21 Таго самага дня склічце сабраньне, гэта будзе для вас сабраньне сьвятое. Ніякай работы ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсякім месцы пражываньня вашага, на ўсе пакаленьні вашыя.
22 Калі будзеце жаць на зямлі вашай, ня будзеце дажынаць да мяжы поля і ня будзеце зьбіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прыбыльцам. Я — Госпад, Бог ваш».
23 Далей казаў Госпад Майсею:
24 «Скажы сынам Ізраэля: У першы дзень сёмага месяца будзеце адпачываць, і будзе ў вас сабраньне сьвятое пры гуку трубаў.
25 Ня будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую».
26 Далей казаў Госпад Майсею:
27 «Вось жа дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца будзе дзень Ачышчэньня, і будзе ў вас сьвятое сабраньне. У той дзень будзеце пасьціць і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.
28 Ня будзеце рабіць у той дзень ніякай работы, бо гэта дзень Ачышчэньня, дзеля ачышчэньня вашага перад Госпадам, Богам вашым.
29 Усякая душа, каторая ня будзе пасьціць ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.
30 І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу спаміж народу ягонага.
31 Дык нічога ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсе пакаленьні вашыя на ўсіх месцах пражываньня вашага.
32 Гэта ўрачысты адпачынак ваш. Вы будзеце пасьціць зь вечара дзевятага дня месяца; зь вечара да вечара дзесятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую».
33 Зноў сказаў Госпад Майсею:
34 «Скажы сынам Ізраэля: У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца прыпадае сьвята Палатак, сем дзён Госпадавых.
35 У першы дзень — сьвятое сабраньне; у той дзень не рабіце ніякай работы.
36 Усе сем дзён складайце ахвяры Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас сьвятое сабраньне, і складзеце ахвяру Госпаду. Гэта ўрачыстае сабраньне, не рабіце ніякай работы.
37 Гэтыя вось сьвяты Госпадавы, у каторых будзеце склікаць сьвятыя сабраньні, у якіх будзеце складаць ахвяры Госпаду: цэлапаленьні, ахвяры зь яды, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры — кожную ў свой дзень,
38 апрача суботаў Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць па шлюбаваньні або дабравольна Госпаду.
39 Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі сабярыцё ўсе плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.
40 У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя і галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.
41 Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята.
42 Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у намёце,
43 каб памяталі нашчадкі вашыя, што загадаў Я сынам Ізраэля жыць у шалашах, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!»
44 Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасьці Госпадавы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 23 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.