Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская, 24 Кніга Святарская, 24 глава

1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраэля, каб прынесьлі табе да сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, для пастаяннага гарэньня сьвечак сьвечніка.
3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Палатцы Сустрэчы, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
4 Прыгатуе ён тыя сьвечкі на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад Госпадам.
5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзьве дзесятых эфы.
6 Пасьля пакладзеш іх у два рады, па шэсьць у кожным радзе, на чыстым стале перад Госпадам,
7 і пакладзеш на кожны рад найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра, паленая для Госпада.
8 У кожную суботу пастаянна будуць класьці іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта запавет вечны.
9 Яны належацца Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асьвечаным месцы, бо гэта сьвятыя рэчы, якія належаць яму спаміж ахвяраў агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».
10 Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной Ізраэлькі, народжаны ад Эгіпцяніна. У табары ён павадзіўся з адным Ізраэльцам,
11 і сын Ізраэлькі зблюзьніў супраць імя (Госпада) і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Шэляміт, дачка Дыбры, з пакаленьня Дана.
12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца прысуд ад Госпада.
13 І Госпад сказаў Майсею:
14 «Выведзі блюзьнерцу за табар, і ўсе, каторыя яго чулі, паложаць рукі свае на ягоную галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
15 А сынам Ізраэля скажы: Чалавек, каторы зблюзьніць супраць Бога свайго, адкажа за свой грэх.
16 І хто зблюзьніць супраць імя Госпада, будзе пакараны сьмерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя Госпада, той будзе пакараны сьмерцю.
17 Хто ўдарыць і заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
18 Хто заб'е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
19 Хто скалечыць бліжняга, будзе пакараны; як ён зрабіў, так і яму зробяць.
20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
21 Хто заб'е жывёлу, аддасьць іншую (жывёлу); хто заб'е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
22 Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень саграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!»
23 Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля вывесьці блюзьнерцу за табар і закідаць каменьнямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 24 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.