Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лявіт 24 Лявіт 24 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Загадай сынам Ізраіля, каб прынесьлі табе для сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, каб гарэлі лямпы [сьвечніка] заўсёды.
3 Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Намёце Спатканьня, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад абліччам ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
4 Прыгатуе ён тыя лямпы на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад абліччам ГОСПАДА.
5 Вазьмі таксама мукі і сьпячы з яе дванаццаць боханаў [хлеба]; у кожным бохане павінна быць дзьве дзясятых эфы.
6 І пакладзеш іх у два шэрагі, па шэсьць у кожным шэрагу, на чыстым стале перад абліччам ГОСПАДА,
7 і пакладзеш на кожны шэраг найчысьцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
8 У кожную суботу заўсёды будуць класьці іх перад абліччам ГОСПАДА як дар ад сыноў Ізраіля, як запавет вечны.
9 Яны належаць Аарону і сынам ягоным, каб спажывалі іх у месцы сьвятым, бо гэта сьвятое сьвятых, гэта [належыць] яму спаміж ахвяраў агнявых для ГОСПАДА. Гэта пастанова вечная».
10 І выйшаў спаміж сыноў Ізраіля сын адной Ізраільцянкі, народжаны ад Эгіпцяніна. І ён пасварыўся ў табары з адным Ізраільцянінам,
11 і сын Ізраільцянкі блюзьніў супраць імя [Госпада], і кляў Яго. І прывялі яго да Майсея. Імя маці ягонай — Шэляміт, дачка Дыбры, з калена Дана.
12 Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца, што [прамовяць] вусны ГОСПАДА.
13 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
14 «Выведзі блюзьнерцу па-за табар, і ўсе, хто яго чуў, паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўся грамада ўкамянуе яго.
15 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Чалавек, які будзе клясьці Бога свайго, панясе грэх свой.
16 І хто зблюзьніць супраць імя ГОСПАДА, сьмерцю памрэ. Уся грамада, камянуючы, укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя ГОСПАДА, той сьмерцю памрэ.
17 Хто ўдарыць і заб’е душу чалавечую, сьмерцю памрэ.
18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
19 Калі хто скалечыць бліжняга свайго, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
20 Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
21 Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую [жывёлу]; хто заб’е чалавека, сьмерцю памрэ.
22 Роўны суд няхай будзе ў вас, ці для прыхадня, ці для тутэйшага. Бо Я — ГОСПАД, Бог ваш!”»
23 І прамовіў Майсей да сыноў Ізраіля, і вывелі блюзьнерцу па-за табар і ўкаменавалі яго камянямі. І сыны Ізраіля зрабілі так, як загадаў ГОСПАД Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лявіт, 24 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.